Пасля няўдалай пераправы праз Данец РФ карэктуюць планы — 82-я раніца вайны

Разбурэнні ў Луганскай вобласці Украіны, дзе ў цяперашні час ідуць актыўныя баявыя дзеянні​ / @luhanskaVTSA
Разбурэнні ў Луганскай вобласці Украіны, дзе ў цяперашні час ідуць актыўныя баявыя дзеянні​ / @luhanskaVTSA

Украінскія вайскоўцы аднаго з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Харкаўскай вобласці сцвярджаюць, што выціснулі расіян да дзяржаўнай мяжы. Пра гэта ўвечары паведаміла Міністэрства абароны Украіны. Байцы звярнуліся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і далажылі, што выйшлі "на мяжу, на раздзяляльную паласу з РФ, краінай-акупантам. Мы дайшлі, спадар прэзідэнт, мы тут".

Між тым Генштаб УСУ такую інфармацыю пакуль не агучвае. У ранішняй зводцы за 16 траўня гаворыцца, што на Харкаўскім кірунку войскі РФ "засяродзілі намаганні на ўтрыманні занятых пазіцый і недапушчэнні прасоўвання ўкраінскіх войскаў да дзяржаўнай мяжы". Гэтак жа і на Слабажанскім кірунку — "праціўнік спрабуе стрымліваць наступ Сіл абароны на поўнач ад Харкава і прадухіліць іх выхад да дзяржмяжы Украіны".

Сур'ёзныя баі ідуць на Данецкам кірунку. Тут, па дадзеных Генштаба УСУ, расійскія вайскоўцы "стралялі з усяго спектру наяўнага ўзбраення". Расіяне працягваюць наступ на Ліман. А ў раёне Аўдзееўкі, наадварот, вымушаныя былі адступіць пасля панесеных страт. Працягваецца супрацьстаянне ў Марыупралі — расіяне па-ранейшаму бамбяць тэрыторыю завода "Азоўсталь". Задзейнічаны артылерыя і авіяцыя.

Паводле ацэнкі экспертаў Інстытута вывучэння вайны (ЗША) расійскія войскі, верагодна, адмовіліся ад ідэі захапіць Данецкую вобласць і вырашылі засяродзіцца на Луганскай. У найбліжэйшы час яны паспрабуюць узяць пад кантроль Севераданецк. Але буйное акружэнне ўкраінскіх падраздзяленняў не атрымліваецца — у тым ліку з-за няўдалай пераправы праз Северскі Данец ля Крэмянной. Па дадзеных Інстытута, расійскія войскі таксама, верагодна, скарачаюць прасоўванне да Славянска ад Ізюма — з-за павольных тэмпаў наступальнай аперацыі там.

Экспэрты інстытута таксама адзначаюць, што расіяне ўмацоўваюць акупаваныя населеныя пункты на поўдні, "што сведчыць аб расійскіх мэтах сталага кантролю над гэтым раёнам".

После неудачной переправы через Донец РФ корректируют планы — 82-е утро войны
Расійская ваенная тэхніка ў Херсоне / ТАСС

Страты расіян пры пераправе праз Северскі Данец у Луганскай вобласці з'яўляюцца аднымі з найбуйнейшых з пачатку вайны, піша The New York Times. Паводле ацэнак спецыялістаў, там было забіта або паранена больш за 400 расійскіх салдат. Гаворка ідзе пра падзеі 11 траўня. Цераз раку перапраўляліся каля 550 расійскіх вайскоўцаў. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што ўкраінская артылерыя разбурыла некалькі расійскіх пантонных мастоў, а таксама знішчыла людзей і тэхніку.

Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін правёў тэлефонныя перамовы з кіраўнікамі Мінабароны Расіі і Украіны Сяргеем Шайгу і Аляксеем Рэзнікавым. З Шайгу ён размаўляў 13 траўня, заклікаў яго да неадкладнага спынення канфлікту і казаў аб неабходнасці падтрымліваць каналы сувязі. Пазней ён гутарыў з Рэзнікавым — абмяркоўвалі сітуацыю ва Украіне і пастаўкі зброі. 

ЗША падштурхоўваюць Расію да перамоваў з Украінай, казаў на днях амбасадар РФ у Вашынгтоне Анатоль Антонаў. Але ўмовы, якія вылучае для гэтых перамоваў Вашынгтон, непрымальныя, заявіў расійскі сенатар Уладзімір Джабараў. Яго цытуе "РИА Новости".

Са слоў Джабарава, для перамоваў Вашынгтон вылучае тры ўмовы: спыніць вайсковыя дзеянні, адвесці расійскія войскі за лінію да 24 лютага і "пакаяцца за ўсё зробленае".

Агенцтва УНІАН распавядае пра лёс ката Макса пароды мэйн-кун з Бучы і беларусах, якія дапамаглі кату уз'яднацца з гаспадарамі. Аказваецца, ката звезлі з сабой расійскія вайскоўцы, якія адыходзілі ў бок Беларусі. Там яго, відавочна, і пакінулі.

Людзі, якія патэлефанавалі гаспадыні ката, папрасілі прабачэння "за Лукашэнку і тое, што так адбылося". Яны зрабілі Максу новы ветэрынарны пашпарт і чып і адвезлі да польскай мяжы — там перадалі мясцовым валанцёрам. Цяпер Макс ўжо знаходзіцца з гаспадарамі ў Чэхіі.

После неудачной переправы через Донец РФ корректируют планы — 82-е утро войны
Кот Макс / @uniannet

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі