Вы тут

Пасля ліквідацыі ТБМ звярнулася да сябраў арганізацыі

Выступае Алена Анісім / facebook.com/alena.anisim

Пасля ліквідацыі Вярхоўным судом Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да сябраў арганізацыі. Тэкст звароту змясціла на сваёй старонцы ў Facebook старшыня ТБМ Алена Анісім. У ім адзначаецца, што "прэтэнзіі Мінюста насілі фармальны характар", аднак "рашэнне прынятае, і яно не падлягае абскарджванню... дзейнасць Таварыства беларускай мовы юрыдычна была спынена".

"Тым не менш мы заклікаем вас не адмаўляцца ад высокіх мэтаў, якім служыла наша арганізацыя, — гаворыцца ў звароце. — Сустракайцеся, размаўляйце па-беларуску паміж сабой, дома, на працы, захоўвайце паміж сабой сяброўскія сувязі, заахвочвайце да ўжывання беларускай мовы  сваіх сяброў і калег".
 
Актывісты спадзяюцца "аднавіць дзейнасць ТБМ пры першай магчымасці".

ТБМ — адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый, яна была заснавана ў 1989 годзе, яшчэ ў савецкія часы. Яе мэтай з'яўляецца падтрымка і развіццё беларускай мовы і культуры. ТБМ ліквідавалі з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.