Пасля дыверсіі ў Расіі ў Беларусі прайшлі затрыманні

Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску 

Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску  / tass.ru

Пасля дыверсіі ў Расіі ў Беларусі прайшлі затрыманні. Праваабаронцам вядома пра хвалю затрыманняў, ператрусаў у Полацку і Наваполацку. Іх праводзілі супрацоўнікі КДБ. За краты трапіла каля 20 чалавек.

Прынамсі частка затрыманняў датычылася Сяргея Ерамеева, грамадзяніна Беларусі, якога затрымалі ў РФ у сувязі з выбухамі на БАМе. Раней ён працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе, быў звольнены праз палітыку.

Вядома пра выпадак, калі затрыманне і ператрус прайшлі ў чалавека, які зусім выпадкова нядаўна кантактаваў з Ерамеевым. Некалькіх затрыманых адпусцілі, забраўшы тэлефоны. Пра астатніх пакуль нічога невядома.

Выбухі на БАМе падчас праходжання грузавых цягнікоў, у тым ліку з дызельным і авіяцыйным палівам, адбыліся ў канцы лістапада — спачатку ў Паўночнамуйскім чыгуначным тунэлі, а пасля на абыходным участку. Рух спыняўся. 7 снежня ФСБ Расіі паведаміла пра затрыманне ў Омску 52-гадовага беларуса, якога падазраюць у здзяйсненні дыверсіі. Ён нібыта дзейнічаў па заданні іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Ерамееў кажа, што прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. У судзе ён заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць пастаўкам вайсковых грузаў для расійскай арміі, якая ваюе супраць Украіны.

Сяргея Ерамеева ўзялі пад варту да 30 студзеня 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі