Пасля 9 месяцаў за кратамі вызвалены журналіст Алег Груздзіловіч

Алег Груздзіловіч на волі / t.me/radiosvaboda

Пасля 9 месяцаў за кратамі вызвалены журналіст Алег Груздзіловіч. Ён пакінуў Беларусь (разам з жонкай выехаў у Літву), піша @radiosvaboda. У сакавіку сёлета Груздзіловіч быў асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму нібыта за "арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх". Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Алег Груздзіловіч — былы журналіст Радыё "Свабода". Яго вінавацілі па трох эпізодах удзелу ў акцыях пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020-га і гвалту сілавікоў. Ён заявіў, што на акцыях пратэсту быў як пазаштатны журналіст "Народнай волі" (у 2020-м МЗС Беларусі пазбавіў яго акрэдытацыі).

Груздзіловіча вызвалілі раней за вызначаны яму тэрмін. "Наша ніва" бачыць у гэтым "сігнал Злучаным Штатам".

"Вызвалены на падставе прашэння аб памілаванні, але віну я не прызнаў", — кажа ўжо былы палітвязень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.