Паротнікаў: Беларусь мусіць быць аднолькава аддаленая ад бакоў канфлікту

“Мы ўступаем у перыяд турбуленцыі”, — канстатавалі эксперты з Украіны і Беларусі падчас дэбатаў, прысвечаных апошнім падзеям ва Украіне.

Дэбаты “Украіна: урокі для Беларусі” прайшлі ў Варшаве 31 сакавіка і былі арганізаваныя Польскім інстытутам міжнародных адносін і інфармацыйным бюро “Салідарнасць з Беларуссю”.

Верагоднасць ваеннай агрэсіі супраць Украіны працягвае існаваць, украінская армія нібыта знаходзіцца ў небаяздольным стане, таму Расія пры вайсковым варыянце спыніцца на мацерыковай Украіне там, дзе захоча. Іншая справа, што далей? Разважае украінскі палітолаг, кіруючы партнёр арганізацыі “Pro-моваЯўген Глыбавіцкі:

“Крымскі сцэнарый, пры якім не было ніякага супраціву, ужо не паўторыцца. Супраціў будзе нашмат больш жорсткі, калі мы кажам пра ваенныя дзеянні. Пытанне, што далей. Бо калі будзе захоп любой часткі мацерыковай Украіны, Пуцін атрымае дзве рэчы: па-першае, вельмі няветлівае насельніцтва, якое, да ўсяго, моцна кансалідаванае, а па-другое, украінцы, як паўднёвыя еўрапейцы, маюць сваю ядзерную зброю — карупцыю. А гэта значыць, кожны загад, які будзе дэлегавацца зверху, будзе карумпаваны”.

Сцэнарыя, пры якім Украіна і Пуцін змогуць знайсці прымірэнне, проста няма, мяркуе эксперт. Пытанне стаіць востра: альбо Украіна альбо Пуцін?

У сітуацыі ваеннага канфлікту паміж Украінай і Расіяй наша краіна зойме прабеларускую пазіцыю, перакананы спецыяліст па пытаннях ваеннай бяспекі Андрэй Паротнікаў:

“Я лічу, што Беларусь зойме прабеларускую пазіцыю, а гэта азначае, што Беларусь мусіць быць аднолькава аддалена ад усіх бакоў канфлікту. І любы крок і заява ў кірунку Украіны, будзе дапаўняцца крокам і заявай ў бок Расіі”.

Таму казаць пра нейкую заангажаванасць Мінска да таго ці іншага боку канфлікту не варта. Цяпер Мінск заняў пазіцыю чакання, дадае эксперт.

Магчыма, Мінск і хварэе за Кіеў, бо кожны з аўтакратаў СНД прымерыў лёс Віктара Януковіча на сябе, і ніхто не хоча апынуцца на месцы экс-прэзідэнта Украіны. Расія вядзе небяспечную гульню, і ні ў каго няма жадання ў ёй удзельнічаць.

Які ўрок Лукашэнка мог вынесці з украінскай сітуацыі для сябе? Галоўнае для ўлады ні ў якім выпадку не дапусціць выхаду людзей на Плошчу, бо гэта можа зрынуць не толькі ўладу, але і дзяржаву, перакананы Андрэй Паротнікаў.

Але на парадку дня стаіць пытанне, якія высновы для сябе змаглі зрабіць лідары беларускай апазіцыі? Пакуль эксперты прапаноўваюць рэцэпт для беларусаў: украінскі майдан паказаў, што змены робяць не апазіцыйныя лідары, а грамадзянская супольнасць. Таму менавіта на яе і трэба ставіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі