Парламент прыняў праект закону аб амністыі, лёс Казуліна пад пытаннем

Палата прадстаўнікоў сёння прыняла законапраект “Аб амністыі некаторых катэгорый асобаў, якія здзейснілі злачынства”. У выніку амністыі ад адбывання пакарання можа быць вызвалена каля 3,5 тысяч асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — каля 1,6 тысячы асуджаных. У адпаведнасці з законапраектам, упершыню амністыя будзе распаўсюджвацца толькі на асуджаных.

Сярод іншых ад пакарання будуць вызваленыя асуджаныя, якія адбылі не менш за адну траціну прызначанага пакарання. Разам з тым, амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, да якіх раней ужываліся амністыя або памілаванне і якія паўторна здзейснілі наўмыснае злачынства. Акрамя таго, гэта датычыцца асобаў, якія злосна парушалі парадак падчас адбывання пакарання, паведамляе "Інтэрфакс".

Ці трапляе пад амністыю былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Аляксандр Казулін? Еўрарадыё звярнулася з гэтым пытаннем у калонію “Віцьба-3”, дзе палітык адбывае пакаранне. Супрацоўнік адміністрацыі калоніі адказаў, што пакуль наконт Казуліна нічога не вядома:

“Мы яшчэ не бачылі гэты закон, пакуль нічога не ведаем. Калі ён выйдзе ў друку, тады будзем бачыць. Разглядаць пытанне наконт амністыі будуць камісіі, спецаддзелы і гэтак далей — то бок, адпаведна з законам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі