"У інтарэсах Лукашэнкі давесці справу да канца". Кавалеўскі — пра візіт Коўла ў Беларусь
Валерый Кавалеўскі / LookByMedia
Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл, імаверна, 14 верасня прыедзе ў Мінск. Чаго чакаць ад гэтага візіту? Колькі беларусаў выпусцяць з турмаў? Пра гэта Еўрарадыё пагаварыла з Валерыем Кавалеўскім.
Валер нагадвае, што "Дональд Трамп хацеў бы вызваліць 1300 палітвязняў, або, як ён іх назваў, закладнікаў". Але гэтая лічба не адлюстроўвае рэчаіснасці і, на думку Кавалеўскага, Коўл працуе над вызваленнем усіх палітзняволеных.
— Джон Коўл кажа, што яны гатовы вызваляць усіх беларускіх палітвязняў. І таму гэтая лічба — у тысячу чалавек — фактычна не з'яўляецца такой дакладнай у гэтай размове. Таму што ўжо на сёння вызвалена 888 чалавек праз дыпламатычныя намаганні і праз нацыянальны працэс памілаванняў, але прыкладна столькі ж застаецца ў турмах, таму што дадаліся новыя імёны, гэтая лічба расла, змяншалася, але, тым не менш, не стаяла на месцы. То-бок нават калі мы суміруем на сёння колькасць вызваленых палітвязняў і тых, хто яшчэ павінен быць вызвалены, то гэта амаль 1700 чалавек.
Так што тут я б усё ж браў за аснову тое, што Злучаныя Штаты, Джон Коўл працуюць над вызваленнем усіх палітвязняў у Беларусі, — кажа Кавалеўскі.
А беларускаму боку ўсё яшчэ цікавы гэты працэс? Кавалеўскі ўпэўнены, што так.
— З беларускага боку таксама ёсць зацікаўленасць у тым, каб гэтая задача была вырашана цалкам, таму што вызваленне ўсіх палітвязняў можа адкрыць новыя магчымасці для вырашэння іншых праблем. І мы тут гаворым не толькі пра змяншэнне санкцыйнага ціску, што ў інтарэсах беларускага рэжыму, але таксама і пра адкрыццё іншых фінансавых, эканамічных магчымасцей. Так што ў інтарэсах Лукашэнкі таксама давесці гэтую справу да канца.
Бакі размаўляюць адзін з адным трэці год. І, у прынцыпе, інвеставалі вельмі шмат: і свайго часу, і сваёй энергіі, і палітычна, і камунікацыйна. І ім цяпер спыніць гэты працэс вельмі-вельмі нявыгадна. Ім трэба паказаць, што яны здольныя дасягнуць выніку, што кожны з іх з'яўляецца партнёрам, з якім можна размаўляць і вырашаць канкрэтныя праблемы. Так што я гляджу на гэтую паездку з аптымізмам. Лічу, што абодва бакі падышлі з высокім узроўнем матывацыі, каб давесці справу да канца, — кажа Кавалеўскі.