Вы тут

У парадзіхі з Бабруйска, дзіця якой знайшлі ў кустах, двое дзяцей у інтэрнаце

Дом, дзе жыла няшчасная сямейная пара. Фота​​: TUT.by

Парадзіха з Бабруйска, дзіця якой знайшлі ў кустах, мае яшчэ дваіх дзяцей, але яе пазбавілі мацярынскіх правоў, піша  TUT.by. Зараз Следчы камітэт праводзіць праверку па факце здарэння, якое адбылося 17 кастрычніка ў прыватным сектары на ўскраіне горада.

Нагадаем, што ў адзін з дамоў на выклік прыехала хуткая — медыкам паведамілі пра роды. Калі брыгада прыбыла, ім не адчынілі, аднак медыкі пачулі крык немаўляці і ўбачылі ў кустах на вуліцы распранутага нованароджанага хлопчыка. Яго адразу забралі ў шпіталь і аказалі яму неабходную дапамогу. Дзіця нарадзілася неданошаным і цяпер знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане.

Маці знайшлі і таксама прывезлі ў радзільню. Вядома, што двое яе старэйшых дзяцей гадуюцца ў інтэрнаце. Сама жанчына жыла з грамадзянскім мужам, абодва выпівалі. Яна была на восьмым месяцы цяжарнасці. Мяркуецца, што ў дзень родаў паміж мужам і жонкай мог паўстаць канфлікт.