Вы тут

Памёр народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі

Эдуард Зарыцкі. Фота: БЕЛТА

На 72-м годзе жыцця памёр кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, перадае БЕЛТА.

Зарыцкі працаваў пераважна ў галіне інструментальнай музыкі, эстраднай песні, тэатральнай і кінамузыкі. Яго аўтарству належаць сімфоніі, канцэрты для габоя з аркестрам і валторны з аркестрам, сюіты. Сярод шырокай публікі ён найбольш вядомы як кампазітар-песеннік, які напісаў сотні песень. Сярод іх такія вядомыя, як "Прощальная гастроль", "Начныя кастры" ды інш.

Для Тэатра юнага гледача Эдуард Барысавіч зрабіў вялікую колькасць аранжыровак да мюзікла "Вестсайдская гісторыя". Ён аўтар музыкі да спектакля "Снежная каралева", пастаўленага ў тэатры імя Янкі Купалы, да маскоўскай пастаноўкі п'есы Андрэя Макаёнка "Трыбунал". Акрамя таго, Зарыцкі пісаў музыку для кіно і мультфільмаў, шчыльна супрацоўнічаў з Нацыянальным аркестрам сімфанічнай і эстраднай музыкі. 

У 2006 годзе Зарыцкі быў узнагароджаны ордэнам Францішка Скарыны.