Памёр былы кіраўнік Польшчы Войцех Ярузэльскі

Ярузэльскі быў адзіным прафесійным вайскоўцам сярод кіраўнікоў дзяржаў сацыялістычнага лагера. У часы Другой сусветнай вайны ён адзначыўся ў баях на Вісле, у вызваленні Варшавы і ў шэрагу аперацыяў на Балтыцы. Атрымаў найвышэйшую вайсковую ўзнагароду Польшчы — крыж Virtuti Militari.



Пасля вайны ён скончыў акадэмію, але яго далейшая кар’ера разгортвалася ў адміністратыўным і выкладчыцкім рэчышчы. Кіраваў увядзеннем польскіх войскаў у Чэхаславакію для падаўлення Пражскай вясны. У 1969 годзе стаў міністрам абароны Польшчы і даказаў лаяльнасць польскаму камуністычнаму кіраўніцтву, накіраваўшы войска супраць работнікаў Гданьскай суднаверфі. У выніку расстрэлу дэманстрацыі загінула 44 чалавекі.



У 1973 годзе Войцех Ярузэльскі атрымаў званне генерала. Пазней, калі ён стаў першай асобай дзяржавы, адмовіўся ад звання маршала.



У 1981 годзе, ужо на пасадзе прэм’ер-міністра, увёў у Польшчы ваеннае становішча, забараніў усялякую апазіцыйную дзейнасць, мітынгі і страйкі, а таксама арыштаваў тысячы актывістаў “Салідарнасці”. Гэта адбылося на фоне планаванай Савецкім Саюзам акупацыі Польшчы, таму роля Ярузэльскага дагэтуль выглядае спрэчнай: з аднаго боку, ён жорстка падавіў дэмакратычны рух, а з іншага боку, Польшча пазбегла ўвядзення савецкіх войскаў.



Як толькі ў СССР пачалася перабудова і Масква перастала пагражаць Польшчы інтэрвенцыяй, у краіне пачаліся дэмакратычныя рэформы: у 1986 годзе на волю вышлі ўсе палітвязні, а ў 1989 годзе Ярузэльскі пайшоў на перамовы з дэмакратычным рухам. Ён стаў першым прэзідэнтам Польшчы, абраным дэмакратычным шляхам, але праз год пайшоў у адстаўку, і яго пераемнікам стаў лідар “Салідарнасці” Лех Валенса.



Некалькі разоў Ярузэльскага спрабавалі прыцягнуць да судовай адказнасці, аднак гэтыя спробы сталіся безвыніковымі.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі