Палякі прафінансавалі домік для хворых беларускіх дзяцей

“20 домікаў на 40 сем’яў. У нас за год 4 тысячы на шпіталізацыі. Значыць, тысячу за год мы зможам лячыць на ўмовах такога дзённага стацыянару. Ва ўсіх краінах існуе такое, што ёсць пансіянаты, дзе бацькі жывуць з хворымі дзецьмі”, — расказвае дырэктар Навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Алейнікава.

У дамку спальня з дзвюма канапамі, кухня. Першых дзяцей з бацькамі туды плануюць засяліць увесну 2014-га. Хутка пачнуць будаваць яшчэ адзін домік і падводзіць камунікацыі.

“Два домікі займаюць два, два з паловай месяцы пад будаўніцтва. Зараз у нас адзін домік на вытворчасці і потым адразу яшчэ два запускаем”, — распавядае Вольга Алейнікава.

Кошт аднаго доміка — 20 тысяч еўра, і яшчэ 15 трэба, каб падвесці камунікацыю. На такі домік разам з дзіцячай пляцоўкай у Польскай амбасады ў Беларусі пайшло 38 тысяч еўра.

“Добра выкарысталі сродкі. Дзецям, якія б далёка жылі ад шпіталя, ім доўга будзе дабірацца. А тут будзе блізка, поруч будуць рабіцца ўсе працэдуры”, — тлумачыць Еўрарадыё амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Але называе і асноўныя праблемы: шмат бюракратычнай цяганіны.

“У нас ёсць грошы на такія праекты. Галоўнае, каб было менш бюракратычнай цяганіны. Тады гэты праект мы б раней завяршылі. У нас на такія праекты 100-150 тысяч еўра за год ёсць”, — падлічвае Лешак Шарэпка.

Цяпер дзіцячы цэнтр знайшоў сродкі на яшчэ чатыры домікі.

“Міжнароднае супрацоўніцтва ў гуманітарных праектах у нас развітае амаль з усімі еўрапейскімі краінамі. З Рэспублікай Польшча ў нас цэлы шэраг гуманітарных праектаў, у тым ліку і на трансгранічным узроўні”, — тлумачыць першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

І дадае, што з беларускага боку над праектам працаваў “Беларускі ротары клуб”, а таксама “Прыёрбанк”.

Домік каля навукова-практычнага цэнтра анкалогіі

Праект пансіяната з 20 домікаў

Домік знутры

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі