Вы тут

Палітзняволеную Наталлю Хершэ пераводзяць з калоніі ў турму

Наталля Хершэ / Svaboda.org

Палітзняволеную Наталлю Хершэ перавядуць з калоніі ў турму, паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на брата Наталлі Генадзя Касьяна.

Рашэнне аб пераводзе прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Выязное пасяджэнне адбылося 24 верасня ў папраўчай калоніі, дзе Наталля Хершэ адбывае пакаранне. У раскладзе суда справа была пазначаная наступным чынам: "Аб пераводзе ў выпраўленчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоў утрымання".

"Прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволенае", сказалі Генадзю Касьяну ў судзе. У якую турму перавядуць Наталлю, будзе вырашаць адміністрацыя.

Наталля Херше — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У пачатку снежня 2020 года яна была асуджана на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі. Падчас жаночага маршу ў верасні мінулага года Наталля сарвала з амапаўца балаклаву. Сваю віну жанчына не прызнала. Улады Швейцарыі настойваюць на вызваленні сваёй грамадзянкі. Яе лёс абмяркоўваўся на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Швейцарыі ў красавіку 2021 года.

Раней стала вядома, што Наталлі Хершэ тройчы прапаноўвалі напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Усе тры разы яна адмаўлялася.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.