Палітзняволеную Вікторыю Кульшу будуць паўторна судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі", паведамляюць праваабаронцы.
У 2021-м жанчына была асуджаная на 2,5 года калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала і чата "Кіроўцы 97%". 14 чэрвеня 2022-га ў гомельскай жаночай калоніі ёй прысудзілі яшчэ адзін год зняволення па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Цяпер Кульшу будуць судзіць зноў за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, але гэтым разам — у Зарэччы, дзе яна знаходзіцца ад жніўня. Праваабаронцы паведамляюць, што па прыбыцці ў калонію ў Зарэчча жанчына трапіла ў ШІЗА, а потым яе перавялі ў ПКТ.
Да арышту Вікторыя Кульша працавала інжынеркай па ахове працы.