Палітзняволенай прызналі ўдаву Андрэя Зельцэра, застрэленага кадэбістамі

Палітзняволенай прызналі ўдаву Андрэя Зельцэра, застрэленага кадэбістамі

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек. Гэта Марыя Успенская, Сяргей Іваноў, Яўген Коржаль, Цімафей Мажанкоў і Аляксей Ігнаценка.

Марыя Успенская — удава мінскага праграміста Андрэя Зельцэра, застрэленага кадэбістамі пры штурме яго кватэры. Жанчыну вінавацяць у саўдзеле ў тэракце за тое, што яна здымала на відэа дзеянні мужа, які адсатэльваўся ад нападнікаў.

Віцябляніна Сяргея Іванова асудзілі за падкладанне на чыгунку прадметаў, якія парушылі рух транспарту. Праваабаронцы адзначаюць, што гэта толькі адміністрацыйнае правапарушэнне, а не крымінальнае злачынства.

Яўген Коржаль, Цімафей Мажанкоўі Аляксей Ігнаценка асуджаныя за "пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкоды ягонай законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці". Яны скінулі з гаўбца шматпавярховага дома дзверы, калі пабачылі, як міліцыянты збіваюць дубінкамі і нагамі чалавека, які ляжаў на тратуары пад пад'ездам.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Марыю Успенскую і перагледзець прысуды астатнім згаданым палітвязням. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Lawtrend, "Прававая ініцыятыва", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta.

На сёння ў Беларусі 891 палітвязень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі