Вы тут

Палітвязня Анджэя Пачобута нейкі час трымалі ў "расстрэльным калідоры"

Анджэй Пачобут / Lukasz Dejnarowicz, Forum

Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут пэўны час правёў у "расстрэльным калідоры" мінскага СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Пра гэта піша польскае выданне Rzeczpospolita са словаў чалавека, які правёў нейкі час з журналістам у адной камеры. 

Гаворка ідзе пра перыяд з 14 красавіка па 17 траўня 2021 года. Пачобут быў у калідоры, дзе размяшчаюцца камеры асуджаных да смяротнага пакарання.

"Гэта так званы калідор смерці, за сцяной у суседняй камеры знаходзіўся асуджаны на расстрэл", — распавядае яго сукамернік.

Верагодна, такім чынам журналіста хацелі прымусіць пакінуць Беларусь. Анджэй неаднаразова адхіляў прапанову напісаць прошэнне аб памілаванні.

Жонка Пачобута Аксана кажа, што месяц не атрымлівала ад яго лістоў, але апошнім часам перапіска аднавілася.

"Анджэй вельмі рады, што акрамя яго ніхто з актывістаў Саюзу палякаў Беларусі больш не знаходзіцца за кратамі, што ён будзе адчуваць сябе спакойна ў гэтай сітуацыі. Піша, што не мяняе сваіх поглядаў і не будзе прасіць аб памілаванні. Ён таксама напісаў, што "нягледзячы на непагадзь на вуліцы, я застаюся ў баявым настроі", — гаворыць яна.

Як паведамлялася раней, кіраўніцу Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, якая таксама праходзіць па гэтай справе, напрыканцы сакавіка перавялі пад хатні арышт.

Пачобут мяркуе, што "польскую справу" перададуць у суд да верасня. Яго арышт падоўжаны да 25 траўня.

Таксама Rzeczpospolita піша, што беларускія ўлады праводзяць нейкую "экспертызу" дзейнасці Саюза палякаў і хочуць абвінаваціць гэтую арганізацыю ў "парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі". Верагодна, размова ідзе пра арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі: у ім гаворыцца пра заклікі да дзеянняў "супраць знешняй бяспекі Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці". За гэта пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі ўжо больш за год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.