Палітвязень Леднік памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды яго прывезлі з калоніі

Ігар Леднік

Ігар Леднік / t.me/radiosvaboda/

Палітвязень Ігар Леднік памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды яго прывезлі з калоніі з Магілёўшчыны (ён адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2). Прычынай смерці стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова, паведамляе прэс-служба БСДП (Грамада).

Пра смерць 63-гадовага Ледніка стала вядома 20 лютага. За кратамі ён быў з вясны 2022-га, асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку (яго "знайшлі" ў публікацыі ў партыйным часопісе). Справу разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Шоцік).

У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Таксама ён меў інваліднасць праз праблему з сэрцам.

Леднік — пяты беларускі палітвязень, які памёр у зняволенні. Раней загінулі за кратамі палітвязні Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Мікалай Клімовіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі