Вы тут

Палітвязень Ігар Лосік звярнуўся да Папы Рымскага

Ігар Лосік з жонкай Дар'яй / t.me/radiosvaboda

Палітвязень Ігар Лосік напісаў ліст Папу Рымскаму Францішку і папрасіў "заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем'яў". Пра гэта жонка Лосіка Дар'я распавяла ў каментары Радыё "Свабода".

Ігар піша, што з беззаконнем і несправядлівасцю сутыкнуліся сотні і тысячы беларусаў. Яны не бачаць выйсця з цяперашняй сітуацыі.

"Я не прашу заступіцца за мяне перад кімсьці, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш", — адзначае палітвязень.

У чэрвені прадстаўнік Ватыкана, кіраўнік Залы друку Матэа Бруні, ад імя Папы Францішка заявіў, што той "уважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі, захоўваючы прыхільнасць да дасягнення дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народу". 

Адміністратар ТГ-канала "Беларусь головного мозга" Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. У зняволенні ён тройчы ладзіў галадоўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.