Вы тут

Палітвязень Ігар Лосік спыніў галадоўку

Ігар Лосік / RFE/RL

Палітвязень Ігар Лосік, адміністратар тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу", 25 студзеня спыніў бестрэміновую галадоўку. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на адваката, які наведаў Лосіка ў жодзінскім СІЗА.

Лосік трымаў галадоўку 41 дзень. Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, а 15 снежня выставілі новыя абвінавачанні — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. На знак пратэсту супраць новых абвінавачанняў Лосік абвясціў галадоўку. Ён патрабаваў або зняць усе абвінавачанні, або выпусціць яго пад падпіску.

Пасля месяца галадоўкі стан палітвязня стаў пагаршацца, у яго з'явіліся рэзкія скачкі ціску. На мінулым тыдні Лосіка перавялі ў камеру з кругласутачным відэаназіраннем. 

25 студзеня праз свайго адваката Дзмітрыя Лепрэтара Лосік перадаў зварот усім, хто яго падтрымліваў: "Я вырашыў спыніць галадоўку. Чаму я гэта зрабіў? Сапраўды па ўласным жаданні. Я не прымаў ежу больш за сорак дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым.

А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасці, не хачу, каб за мой свядомы выбар пакутавалі іншыя"

На знак салідарнасці з Лосікам было абвешчана некалькі галадовак. Таксама вядома, што паручальніцтвы за яго ў Следчы камітэт падалі некалькі святароў Беларускай праваслаўнай царквы.

У сваім лісце Ігар Лосік падсумаваў вынік сваёй акцыі: "Сваім учынкам я прыцягнуў увагу не толькі да сваёй справы, але і да становішча з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне. Зараз пра нас усіх кажуць гучна і на ўсіх магчымых пляцоўках патрабуюць вызвалення нявінна арыштаваных і асуджаных. Гэта нямала"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.