Палітолаг: Хутчэй за ўсё, пазіцыя ЕС да Беларусі будзе больш стрыманай

Еўрарадыё: Якія планы Еўрасаюза наконт выбараў кіраўніцтва Еўрапарламента? 

Алесь Лагвінец: Фармальна, старшыня еўрапейскага парламента абіраецца на пяць гадоў. Але ў выніку кампрамісу паміж дзвюма найбуйнейшымі палітычнымі фракцыямі ў еўрапарламенце гэтыя пяць гадоў дзеляцца на дзве роўныя часткі. Першыя два з паловай гады старшынёй з’яўляецца прадстаўнік еўрапейскай народнай партыі, у дадзеным выпадку – паляк Ежы Бузэк, наступныя два з паловай гады старшынёй становіцца прадстаўнік другой значнай фракцыі ў еўрапарламенце, фракцыі сацыялістаў. Ім стане Марцін Шульц, нямецкі еўрадэпутат, які вядомы тым, што ў свой час вельмі моцна крытыкаваў былога італійскага прэм’ера Сільвіа Берлусконі і той у адказ параўнаў Марціна Шульца з наглядальнікам у нацысцкім канцлагеры. 

Еўрарадыё: Але ці будзе Марцін Шульц займаць такую ж вострую пазіцыю ў адносінах да кіраўніка Беларусі? 

Алесь Лагвінец: І будзе і не будзе. Трэба прызнаць, што Ежы Бузэк вельмі аператыўна прымаў дэкларацыі па тых негатыўных падзеях, што адбываліся ў Беларусі. І ў той жа час не будзе – хутчэй за ўсё, пазіцыя будзе больш стрыманай. Бо калі мы прааналізуем праекты рэзалюцый, што вылучаліся па беларускім пытанні фракцыяй, якую ўзначальвае Марцін Шульц, то яны былі менш вострыя, менш крытычныя ў дачыненні да беларускіх уладаў. Вядома, што прадстаўнікі фракцыі сацыялістаў і дэмакратаў часцей за ўсё казалі пра дыялог з беларускімі ўладамі. Напрыклад, еўрадэпутаты Палецкіс або Вігенін спрабуюць падтрымліваць хоць колькі прыязныя стасункі з найменш адыёзнымі прадстаўнікамі беларускага рэжыму. 

Еўрарадыё: А ці ёсць хтосьці сярод чатырнаццаці віцэстаршыняў, хто мае вострыя адносіны да беларускага рэжыму? 

Алесь Лагвінец: Я хутчэй казаў бы пра агульны расклад сіл унутры Еўрапарламенту. А расклад сіл застаецца тым жа: найбуйнейшая фракцыя – фракцыя Еўрапейскай народнай партыі і яе прадстаўнікі, якія займаюцца беларускім пытаннем, вельмі добра разумеюць сітуацыю. Відавочна, што яны не будуць складаць рукі. Як вядома, кіраўніком дэлегацыі па стасунках з Беларуссю з’яўляецца прадстаўнік Еўрапейскай народнай партыі Яцэк Пратасевіч. Важную пазіцыю займае і вялікім аўтарытэтам карыстаецца Яцэк Сарыюш-Вольскі. То бок, я б не казаў пра ролю віцэстаршыняў еўрапарламенту, а больш пра ролю кіраўнікоў фракцый.

Еўрарадыё: Наколькі верагодныя чуткі пра тое, што Яцэк Пратасевіч стане віцэстаршынёй Еўрапарламенту? 

Алесь Лагвінец: Кухня гэтая невядомая. Але трэба прызнаць, што прызначэнні, якія зараз адбудуцца, гэта вынік кампрамісу паміж рознымі фракцыямі. І акурат для беларусаў еўрапарламент можа з’яўляцца ўзорам парламенцкай дзейнасці. Можа быць, яго кампетэнцыі не зусім параўнальныя з кампетэнцыямі нацыянальных парламентаў, але варта адзначыць, што ў еўрапарламенце ёсць пагадненні паміж усімі фракцыямі, фракцыі не знішчаюць адна адну з дапамогай вострай палітычнай рыторыкі, а дамаўляюцца. І віцэстаршынямі еўрапарламенту будуць прадстаўнікі ўсіх фракцый. 


То бок, я б не драматызаваў гэтую сітуацыю. Рэакцыя на беларускія падзеі будзе, пытанне толькі ў тым, наколькі тыя рэзалюцыі, што прымаюцца, будуць мець уздзеянне на афіцыйны Мінск. Сёння гэта збольшага маральнае ўздзеянне і падтрымка дэмакратычных сілаў, а не штосьці, што здольнае памяняць паводзіны беларускага аўтарытарнага рэжыму.

Еўрарадыё: А што будзе з Ежы Бузэкам? 

Алесь Лагвінец: Гэта вельмі паважаны чалавек і ён відавочна дадаў сабе аўтарытэту падчас старшынства. Я думаю, што ён як велізарны маральны аўтарытэт будзе адыгрываць сваю ролю ў еўрапейскім парламенце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі