Вы тут

Палітолаг Андрэй Ягораў: “Выйграць рэвалюцыю як працэс”

Андрэй Ягораў

"Расія гуляе на тое, каб атрымаць больш слабую Беларусь. Ім на руку раскол беларускага грамадства, узмацненне супярэчнасцяў і аслабленне Лукашэнкі", — лічыць кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі палітолаг Андрэй Ягораў. У інтэрв'ю Еўрарадыё ён дзеліцца меркаваннем пра “Народны Ультыматум” Ціханоўскай, яе магчымае вяртанне ў Беларусь і канстытуцыйную рэформу. 

Ультыматум Ціханоўскай — вельмі неадназначнае рашэнне

З пазітыўнага можна назваць тое, што быў вельмі добры час для яго з’яўлення. Гэта адбылося пасля разгонаў маршаў, сутыкненняў з пенсіянерамі, калі людзі думалі, што рабіць, чакалі нейкага плана. Таксама ўльтыматум стымуляваў пэўныя працэсы самаарганізацыі, працэсы нізавых рухаў, гэта добра. 

Але, бадай што, на гэтым добрыя рэчы канчаюцца. Ультыматыўная форма пастаноўкі такога кароткага плана дзеяння вельмі недарэчная. Калі той, каму ты выстаўляеш ультыматум, не выконвае твае патрабаванні, ты мусіш мець рэальную магчымасць выканаць пагрозу. Тут пагроза — нацыянальны страйк. Не бачу нікога, хто быў бы дакладна ўпэўнены ў тым, што гэтая пагроза можа быць выкананая.

Гэта ставіць Ціханоўскую ў складаную сітуацыю. Калі 26-га нічога не адбудзецца, гэта панізіць яе палітычную вагу. Але можа адбыцца не страйк, а, напрыклад, якасная змена пратэставага руху. Гэта будзе не перамогай, але Ціханоўская захавае свае пазіцыі.

Ці вернецца Ціханоўская ў Беларусь

Пры самым дрэнным варыянце, калі ўльтыматум зусім не спрацуе, у Ціханоўскай застанецца апошні аргумент — вяртанне ў Беларусь. Уявіце сабе, што грамадства пачынае чакаць, абмяркоўваць, што яна можа вярнуцца. Гэта такое напружанае чаканне. І калі яна вернецца, гэта стане трыгерам, што ўзновіць усю пратэставую энергетыку і ўздыме яе на новы ўзровень.

Гэта магчыма, толькі калі яна пачне зусім страчваць палітычную вагу. Яе ідэі адтуль не змяняюць сітуацыю тут. Рэвалюцыі патрабуюць гераічных учынкаў. Ад кожнага на сваім узроўні. Людзі рызыкуюць, вырашаюць, пайсці ім на акцыю нядзельную ці не. І лідар таксама можа рабіць такія крокі. Як Калеснікава са сваім пашпартам. Магла не рабіць, але зрабіла.

Што будзе, калі пратэсты пачнуць “здзімацца”

Калі ўльтыматум не спрацуе, а пратэсты рэальна пачнуць здзімацца, мы ўсё роўна можам выйграць рэвалюцыю як працэс, хаця і прайграўшы яе аднамомантны акт. Будзе неабходна замацаваць новы якасны стан беларускага грамадства. Самаарганізаваныя групы мусяць набыць устойлівасць, незалежныя прафсаюзы — большую масавасць, прафесійныя арганізацыі — ад медычных да спартовых — упэўненасць у сваіх сілах. 

Калі дзяржава пераможа, то яны запусцяць рэпрэсіўную машыну пакаранняў за тое, што мы рабілі. Але нас цяпер вельмі шмат, гэта рэальная большасць. Калі мы замацуем гэтую якасць, не дадзім дзяржаве разграміць гэта, дык перамены непазбежныя праз 1,5-2 гады. То-бок мы выйграем рэвалюцыю як працэс.

Марш партызан / Еўрарадыё

Новая Канстытуцыя

Я думаю, што Беларусі патрэбна новая Канстытуцыя. Але яна не мусіць з’явіцца такім чынам, як цяпер улады гэта рэпрэзентуюць. У гэты працэс уключацца няма ніякага сэнсу. Не трэба нам канстытуцыйная рэформа да вызвалення палітычных вязняў і рашэння палітычнага крызісу. Пасля — можна будзе паразмаўляць. Я ўвогуле мару, што першыя выбары ў “новай” Беларусі будуць у канстытуцыйную асамблею.

Чаго дамагаецца Расія?

Цяпер Расія гуляе на тое, каб атрымаць больш слабую Беларусь. Ім на руку раскол беларускага грамадства, узмацненне супярэчнасцяў і аслабленне Лукашэнкі. Гэта ўсё для таго, каб Расія магла рэалізаваць свой сцэнар ці паглыблення інтэграцыі, ці адгрызання нейкіх кавалкаў беларускага суверэнітэту, ці ўстаўляння ў Канстытуцыю нейкіх палажэнняў, якія паніжаюць магчымасць абароны суверэнітэту. 

Расія проста карыстаецца рэвалюцыяй у Беларусі. Гэта не адназначная падтрымка Лукашэнкі, якую ён чакаў. Ён бы хацеў, каб Расія субсідавала Беларусь на вялікую колькасць грошай, каб ён мог утрымліваць сітуацыю, але Расіі гэта не патрэбна. Калі рэвалюцыя пераможа, дык Расія будзе вымушаная будаваць новыя адносіны з новымі ўладамі і ўсё будзе залежаць ад таго, як будуць сабе паводзіць людзі, якія прыйдуць пасля Лукашэнкі.

Як уплывае на сітуацыю Захад?

Захад мае вельмі абмежаваныя інструменты ўплыву на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі. Ёсць у іх ідэі пра пашырэнне санкцыйнага спіса, уключэнне туды прадпрыемстваў, бізнесменаў, але вырашальнага значэння гэта мець не будзе. 

Адна з важных рэчаў, якая адбылася праз тое, што супраць Беларусі ўвялі санкцыі, — гэта тое, што Беларусь страціла магчымасць буйных запазычанняў на знешніх рынках. На пачатку 2020 года Беларусь спадзявалася, што розныя фінансавыя інстытуты змогуць выдаць нам крэдытаў на $2,5 мільярда, але цяпер гэта немагчыма. Гэта падточвае эканамічныя асновы рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.