Беларускага добраахвотніка-разведчыка ўзялі пад варту ва Украіне

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Харкаве пад варту ўзялі грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Мінска, які служыць разведчыкам у Замежным легіёне Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Яго падазраюць у хуліганстве з выкарыстаннем аўтамата і гранаты ў жылым доме.

Як перадае Радыё Свабода, за краты беларус трапіў 20 жніўня. Абмежаванні на свабоду накладзеныя да 18 кастрычніка. Аднак байца могуць выпусціць пад "асабістыя абавязанні". Для гэтага трэба заплаціць заклад у 266 240 грыўняў (амаль 6 тысяч долараў).

Беларускі добраахвотнік не прызнае віну. Ён заяўляе пра самаабарону ад невядомых нападнікаў. Ягоны адвакат называе падазрэнне неабгрунтаваным.

Згодна з украінскім заканадаўствам нашаму суайчынніку пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Інцыдэнт адбыўся 20 жніўня ў двухпавярховым жылым доме ў прыватным сектары Харкава. Прыблізна ў 1:30 жыхары пачулі ў пад’ездзе гучныя крыкі мужчыны, які меў пры сабе аўтамат з набітым магазінам і боепрыпасы. Потым на першым паверсе пад'езда адбыўся выбух, з шыбаў пасыпалася шкло. Сцвярджаюць, быццам беларус кінуў у пад’езд гранату.

Калі прадстаўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, прапанавалі беларусу пакласці зброю і здацца, ён зрабіў яшчэ адзін стрэл з аўтамату. Перамовы доўжыліся больш за чатыры гадзіны. У выніку мужчына дастаў магазін з аўтамата, паклаў зброю на зямлю і падняў рукі ўгору.

Іншыя дэталі інцыдэнта невядомыя. Рэчавымі доказамі па справе праходзяць аўтамат, 17 патронаў і запал ад гранаты, знойдзеныя на месцы здарэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.