Паліклініка для чыноўнікаў — 3 чалавекі ў чарзе, паліклініка звычайная — 50

“Два з паловай месяцы мы наведваем паліклінікі, наведваем аптэкі, але чэргаў няма!”  — завярае міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў праграме “Контуры” на АНТ. Гаворка ідзе пра ўказ №66, згодна з якім рэцэпты павінныя заставацца ў аптэках.

Няма чэргаў — гэта мара любога доктара і пацыента. Кіруюся ў Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, што на вуліцы Энгельса.

Гэта паліклініка для чыноўнікаў. Звычайныя людзі таксама там лечацца, але платна. Стэрыльныя калідоры, канапы нават насупраць ліфтаў… і абсалютна пустыя калідоры! Нават у жаночай кансультацыі, куды звычайна не прабіцца! Самую вялікую чаргу знаходжу ля кабінета тэрапеўта. Тры чалавекі. Адзін пацыент чакае выпіску, другі проста чакае, а трэці збіраецца сыходзіць.

У лечкамісіі чэргаў сапраўды няма

Цяпер у звычайную паліклініку №6 — яна якраз насупраць Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра. Сюды звяртаюцца звычайныя людзі.

Натоўп ля гардэроба і рэгістратуры. На першым жа паверсе даўрачэбны кабінет — усе лавы занятыя пацыентамі. З дзясятак чалавек чакае ля працэдурнага кабінета і кабінета галоўнай медсястры.

Але найбольшы натоўп каля кабінетаў тэрапеўта — у агульным каля 50 чалавек!

Еўрарадыё датэлефанавалася да галоўнага доктара цэнтральнай раённай бальніцы, што недалёка ад Мінска, ён просіць не называць яго і расказвае пра нагрузку дактароў:

“Вось глядзіце, з 1 студзеня мае дактары — вузкія спецыялісты — абследуюць ветэранаў. Гэтыя ж дактары — у мяне няма іншых — праводзяць медкамісію для школьнікаў, потым абследуюць прызыўнікоў. Летам адпускны сезон, а з восені пачынаецца восеньскі прызыў і зноў школьнікі”, — медыкаў загрузілі не толькі выпіскай рэцэптаў, але і продажам лекаў на сяле.

“Мне тэлефануе бабка з вёскі, ад нас 70 кіламетраў. Раней лекі ёй дачка купляла ў Мінску, а цяпер я адпраўляю фельчара. Той едзе да бабкі, але мала прапісаць лекі, трэба іх набыць — і ён жа прадае лекі. Чаму доктар павінен прадаваць лекі?”

Дарэчы, міністр аховы здароўя Васіль Жарко падкрэслівае, што права выпісваць рэцэпты могуць і фельчары, і дактары хуткай дапамогі. Да таго ж можна сэканоміць час, выпісаўшы рэцэпт на паўгода. Але і тут словы чыноўніка разыходзяцца з рэчаіснасцю.

“Кажуць, выпісвайце на тры ці шэсць месяцаў, але ж медсястры трэба патраціць на гэта час, вылічыць дазіроўку, паглядзець, каб адзін рэцэпт быў выпісаны за пяць дзён да таго, як скончыцца тэрмін дзеяння наступнага рэцэпта. Хіба на гэта выдаткоўваецца менш часу? Не менш, гэта ўсё роўна займае час! Многа можна чаго казаць, але як у жыцці атрымліваецца, чамусьці ўсе замоўчваюць. Так, мы робім, арганізуем, але гэта вельмі цяжка”, — кажа доктар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі