“Пакуль загаду не было”: ці патаннее паліва на АЗС канкурэнтаў “Беларуснафты”

“Пакуль загаду не было”: ці патаннее паліва на АЗС канкурэнтаў “Беларуснафты”

На запраўках дзяржаўнай сеткі АЗС "Беларуснафта" 3 студзеня знізіліся цэны на паліва. Бензін патаннеў на 2 капейкі, дызельнае паліва — на 1 капейку. З невялікім спазненнем, але кіраўніцтва канцэрна "Белнафтахім" выканала абяцанне, дадзенае перад Новым годам.

Ці збіраюцца следам за “Беларуснафтай” знізіць цэны на паліва яе канкурэнты?

“У нас пакуль такога загаду не было. Ідзе пасяджэнне, але ніякіх загадаў не было. Пакуль што цэны засталіся такімі як раней”, — кажуць у кампаніі “Лукойл”.

Пра магчымае зніжэнне цэн на паліва на гарачай лініі “Газпрамнафты” паведамляюць: “Пакуль у нас такой інфармацыі няма”.

“Пакуль загаду не было”: ці патаннее паліва на АЗС канкурэнтаў “Беларуснафты”
Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Аналагічны адказ сеткі заправак А-100: “На дадзены момант мы такой інфармацыі не маем. На жаль, па гэтым пытанні я вам нічога сказаць не змагу”.

Расчароўваюць нас і ў United Company: “Цэны будуць такімі, як на сайце [АІ-92 — 1 рубель 43 капейкі, АІ-95 — 1 рубель 54 капейкі, дызельнае паліва — 1 рубель 54 капейкі. — Еўрарадыё ]. І пакуль нічога не прадбачыцца, ніякіх зніжэнняў”.

Летась цэны на аўтамабільнае паліва павышаліся 27 разоў — кожны раз на 1 капейку. Апошняе павышэнне адбылося 16 снежня.

Цікава, што ў пры канцы 2018 года кіраўнік канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў заявіў, што цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі настолькі нізкія, што яго рэалізацыя праз АЗС застаецца стратнай. Аўтазаправачныя станцыі акупляюцца толькі за кошт продажу спадарожных тавараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі