Паказчык кішэчнай палачкі ў Дняпры ў Магілёве перавышае норму ў 24 разы
Купанне, ілюстрацыйнае фота
У Дняпры ў раёне Магілёва паказчык кішэчнай палачкі Е.соli перавышае норму ў 24 разы. Пра гэта паведамляе Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі са спасылкай на замеры ў раёне гарадскога пляжа.
У заліве Дняпра на Фаціна паказчык перавышаны ў 6,2 разу. Атрымліваецца, што дняпроўская вада — самая брудная ў Магілёве.
У горадзе цалкам зачыненыя тры афіцыйныя пляжы на Дняпры — гарадскі, на Фаціна, у Палыкавічах. Таксама санстанцыя забараніла купанне дзяцей і дарослых у сажалках у аграгарадку Усход і ў пасёлку Броды.
У межах Магілёўскай кальцавой, як піша mogilev.in, акунуцца ў ваду можна яшчэ на Пячэрскім лесапарку і ў Святым возеры. Пры гэтым санслужбы рэкамендуюць абмежаваць купанне дзяцей у Святым возеры.
У Магілёўскай вобласці для купання дарослых і дзяцей зачыненыя таксама пляжы ракі Асцёр каля лагера "Арляня" (Клімавіцкі раён), на пляжы Дняпра ў Шклове і ў сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.