“Падмаскоўны маньяк” пачынаў з Брэста

13 ліпеня ў падмаскоўным горадзе Серпухаў быў затрыманы жыхар Брэста Алег Салтруковіч. Дваццацічатырохгадовага хлопца арыштавалі па падазрэнні ў шэрагу нападаў і забойстваў жанчын. Як стала вядома Еўрарадыё, першае забойства злачынец здзейсніў менавіта ў горадзе свайго дзяцінства - Брэсце. Па словах начальніка Ленінскага РАУС Брэста Юрыя Карпінчыка, вясной гэтага года невядомы злачынец напаў на маладую дзяўчыну. Згвалтаванне і забойства адбылося на вуліцы Радужная. Пад падазрэнне следчых трапіў Алег Салтруковіч. Але затрымаць яго не паспелі – злачынец знік. Забойцу аб’явілі ў міжнародны вышук. Гэта, лічыць Юры Карпінчык, і дапамагло расіянам выявіць і затрымаць злачынца.

Юры Карпінчык: “Мы далі ўсе звесткі ў вышук. І па нашай іфармацыі расіяне раскрылі”.

Тое, што серпухаўскі “маньяк” і забойца на Радужнай вуліцы адзін і той жа чалавек, начальнік Ленінскага РАУС упэўнены не сумняваецца.

Юры Карпінчык: “Мы даем 99 адсоткаў, што гэта ён. Там апазналі яго і па фатаздымках, і па іншых дадзеных”.

У бліжэйшыя дні міліцыянты і супрацоўнікі пракуратуры Брэста выедуць у Серпухаў для правядзення следчых дзеянняў сумесна з расійскім калегамі. Вынікаў паездкі Юры Карпінчык чакае да канца тыдня. Па яго словах, пасля вынясення прыгавора, Алега Салтруковіча перададуць беларускім праваахоўным органам.

Юры Карпінчык: “Згодна з канвенцыяй нам потым перададуць”.

Што тычыцца інфармацыі, нібыта гвалтаўнік служыў у Французскім замежным легіёне, то Начальнік Ленінскага РАУС упэўнены -- гэта хлусня.

Як паведаміў Еўрарадыё старшы пракурор серпухаўскай пракуратуры Леанід Міроўскі, абвінавачанне Алегу Салтруковічу прад’явяць у аўторак, 24 ліпеня. Хлопца абвінавачваюць у тым, што 26 ліпеня ён згвалтаваў і забіў дваццацігадовую дзяўчыну.

Хто будзе выносіць прыгавор будзе выбіраць сам падсудны.

Леанід Міроўскі: “Гэта ад яго пазіцыі залежыць: ён можа заявіць прысяжных ці трох прафесійных суддзяў”.

Леанід Міроўскі ўпэўнены, што злачынцу чакае самае суровае з магчымых пакаранне.

Леанід Міроўскі: “Будзем настойваць на максімальна магчымым пакаранні, згодна з Расійскім заканадаўствам. Гэта забойства з абцяжарваючымі абставінамі”.

Што тычыцца заявы начальніка Ленінскага РАУС Брэста пра тое, што Алега Салтруковіча затрымалі толькі дзякуючы іх інфармацыі, Леанід Міроўскі пакінуў без каментароў. Хоць і прызнаў, што пэўную дапамогу следству гэтая інфармацыя аказала. Ці перададуць злачынцу беларускім праваахоўнікам будзе вырашацца пазней.

Леанід Міроўскі: “Гэта будзе вырашацца Генеральнай пракуратурай па пытаннях экстрадыцыі”.

Ня гледзячы на гэта, пракурор спадзяецца на станоўчы вынік супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускіх праваахоўных органаў.

Як стала вядома Еўрарадыё, Алег Салтруковіч па прафесіі будаўнік. У Брэсце ён працаваў у адной з будаўнічых арганізацый. Пакуль “нечакана” не звольніўся і не паехаў у Маскву на заробкі. Следчыя падазраюць, што па дарозе з Брэста ў Маскву хлопец паспеў “адзначыцца” ў Санкт-Пецярбургу.

Па выніках ужо вядомай “працы”, “заробак” яго абяцае быць высокім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі