Падазраваны ў “мініраванні” маладзечанскіх школ — 30-гадовы рабочы

Раней ён не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, інфармуе БЕЛТА. Няўдачліваму “мінёру”, які хацеў такім чынам падставіць свайго непрыяцеля, пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Яму могуць выставіць абвінавачанне, прадугледжанае ч.2 арт. 340 Крымінальнага кодэксу (загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы).





Як усталявалі міліцыянты, затрыманы меў непрыязныя адносіны з яшчэ адным мясцовым жыхаром і вырашыў адпомсціць. Ён даведаўся пашпартныя дадзеныя свайго ворага, зарэгістраваў на яго электронны кашалёк і пазначыў яго ў лістах з пагрозамі выбуху ў школах. Зламыснік патрабаваў пералічыць на гэты кашалёк 10 тысяч долараў, іначай школы будуць падарваныя.





Здарылася гэта 5 верасня. Вучняў 10 маладзечанскіх школ давялося эвакуяваць, а будынкі правяралі сапёры і спецназаўцы.