Пад Смаленскам на беларускага кіроўцу напала НЛА

Каля гадзіны ночы 5 снежня на аўтадарозе Масква-Мінск расійскія аўтаінспектары заўважылі грузавік "Мэрсэдэс Бэнц", які ехаў у Беларусь. Траекторыя руху машыны была дзіўнай, піша "Смоленская газета". Кіроўца парушаў правілы, перыядычна пераходзіў з адной паласы ў другую і нават выскокваў на сустрэчную паласу.



Паліцыянты паспрабавалі спыніць машыну, але кіроўца іх патрабаванне праігнараваў. Тады супрацоўнікі пачалі пераслед "Мэрсэдэса". Пры пагоні парушальнік паспрабаваў сапхнуць машыну аўтаінпектараў з праезнай часткі.



Паліцыянты папярэдзілі, што будуць вымушаныя страляць. Але і гэта не спыніла парушальніка. І нават пасля страляніны, на спушчаных шынах "Мэрсэдэс" нейкі час яшчэ працягваў рух.



Калі яго затрымалі, 24-гадовы жыхар Магілёва паведаміў, што ўцякаў ад пераследу НЛА ды іншых падазроных аб'ектаў. Яго пасажыр таксама паводзіў сябе дзіўна. Ад медагляду кіроўца адмовіўся. Але пазней ён прызнаўся паліцыянтам, што разам са сваім прыяцелем яны набылі ў Маскве і спажылі курыльную сумесь "спайс". На кіроўцу склалі адміністрацыйны пратакол.



Фота — smolgazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі