Пад Магілевам змагаюцца супраць будаўніцтва хімічнага прадпрыемства (фота)

Жыхары аграгарадка Вейна сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць пабудовы расійскага "Омск Карбону".

Кампанія "Омск Карбон Магілёў" уваходзіць у склад холдынгу "Омск Карбон Груп" — аднаго з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў тэхнічнага вугляроду, неабходнага для стварэння шын. Паводле папярэдніх падлікаў, агульны аб'ём інвестыцый павінен скласці каля 4 мільярдаў рублёў. Ужо да снежня 2015 года запланавана пуска-наладка абсталявання з атрыманнем пробнай партыі прадукцыі. Запланаваная вытворчая магутнасць на максімуме складзе амаль 200 тысяч тон тэхвугляроду ў год.

Прадпрыемства размясцілася ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў” побач з аграгарадком Вейна, па суседстве з гарадской мяжой. Пры гэтым побач ужо ёсць 29 прадпрыемстваў, у тым ліку і фінансавы аўтсайдар “Хімвалакно”. Жыхары Вейна настроеныя супрацьстаяць будаўніцтву новага завода любым законным шляхам.

Жыхары: "У нас ужо стала значна горш экалогія. Часта пахне смалой, пілавіннем. Учора пахла на Сіманава, на Усходзе. Проста ніхто не ведае, што гэта Kronospan".

Вяйнянцы кажуць, што Kronospan ужо атрымаў штраф за выкіды ў возера ў Навасёлках. Штраф выплацілі, але возера ўжо мёртвае: ні рыбы няма, ні плаваць нельга.

Пабудову "Омск Карбона" яны ацэньваюць вельмі кепска. Пляцоўка для завода ўжо падрыхтаваная. Але хімічны завод будзе менш, чым за кіламетр ад населенага пункта. Па словах жыхароў, грамадскія слуханні наконт гэтага завода правялі так, што пра іх нават ніхто і не ведаў.

Таму жыхары аграгарадка сабралі подпісы супраць "Омск Карбону". Падпісаліся ўжо паўтары тысячы чалавек. Частку подпісаў ініцыятары ўжо занеслі ў райвыканкам і будуць збіраць яшчэ — у Вейне налічваецца 6000 чалавек. Таксама яны напісалі зварот на імя памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Лаўрынкова.

Улады ужо адгукнуліся на клопаты вейнянцаў. Больш за тыдзень таму адбылася сустрэча з удзелам старшыні райсавета, старшыні райінспекцыі аховы навакольнага асяроддзя ды прадстаўнікоў аблвыканкама. Па словах мясцовай жыхаркі Святланы, асаблівага паразумення не было: чыноўнікі на напады грамадзян адказвалі, што экалагічныя замеры ў норме і што прычын для турботы няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі