Пад Гродна прайшоў заплыў "на чым папала" (фота, відэа)

Піраты, партызаны, нявеста, медпункт, воўк і чырвоны бык спаборнічалі ў незвычайным заплыве "на чым папала". Конкурс самаробкаў прайшоў ўпершыню падчас фестывалю "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў" на шлюзе Дамброўка пад Гродна 22 жніўня.

Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 24 унікальныя плавальныя сродкі з пустых пластыкавых бутэлек, каністраў і пенапласту. Кожнае судна перад пачаткам заплыву пратэставалі: яно павінна было больш за 10 хвілін пратрымацца на плаву. Ацэньвалі самаробныя караблі ў васьмі намінацыях. Напрыклад, самае арыгінальнае, музычнае, непатапляльнае, хуткае і г. д. Галоўны прыз — "гран-пры" атрымаў самаробак Гродзенскага раёна на ваенную тэму.

У гэты ж дзень на Аўгустоўскім канале 24 каманды — 20 мужчынскіх і 4 жаночыя згулялі ў "балотны" футбол. Кожны матч доўжыўся 20 хвілін, на працягу якога пяць гульцоў і брамнік літаральна "мясілі" бруд.

Таксама падчас фестывалю прайшлі спаборніцтвы па пляжным валейболе, падняцці гір, дартсе. Акрамя спартыўных забаў госці свята ўбачылі тэатралізаванае шэсце і канцэрт, а таксама прынялі ўдзел у розных конкурсах. Каб ніхто не прагаладаўся, падворкі частавалі нацыянальнымі стравамі, юшкай і шашлыком.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі