Пад Бахмутам загінуў хлопец з Беларусі, які аказаўся ў ПВК "Вагнер"

Могілкі байцоў ПВК "Вагнер" / severreal.org
Могілкі байцоў ПВК "Вагнер" / severreal.org

Пад Бахмутам загінуў Максім Шчаранкоў, 26-ці гадовы хлопец, які вырас і вучыўся ў Мінску. Яго сям'я дагэтуль жыве ў Беларусі. Шчаранкоў аказаўся на вайне ў складзе ПВК "Вагнер". Прычым родныя пра гэта нічога не ведалі. Яны былі перакананыя, што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў калоніі ў Сыктыўкары. Гісторыю хлопца расказвае рэсурс "Север. Реалии".

Сястра Максіма, супрацоўніца мінскай бальніцы Ірына Мікава расказвае, што ў снежні 2022 года не змагла датэлефанавацца да малодшага брата ў калонію. На сувязь ён не выйшаў і пазней, пасля чаго родныя забілі трывогу. У канцы лютага сукамернікі Максіма паведамілі, што ён з'ехаў на вайну ва Украіну. А затым Ірына знайшла фота магілы Максіма ў адным з каналаў, прысвечаных ПВК.

"Як адбылося, што не апавясцілі родных? Атрымліваецца, зганяюць людзей з зоны, самі іх хаваюць. Я за гэтыя 12 дзён пошуку пазнаёмілася з людзьмі з усёй Расіі. У мяне нервовыя зрывы кожны дзень, таму што я не магу прызвычаіцца да страты", расказала журналістам Ірына. Іх сям'я пераехала ў Беларусь з Расіі, калі Максіму быў год. Тут ён вырас, скончыў школу, адвучыўся на зваршчыка, а затым апынуўся ў калоніі за сувязь з непаўналетняй. Пасля вызвалення яго дэпартавалі ў Расію. І ён зноў праз некаторы час трапіў у зняволенне — гэтым разам паводле наркатычнага артыкула. З 8,5 гадоў прысуду адседзеў 6. Паводле Ірыны, брат не планаваў ісці на вайну. І першы раз, калі зняволеных агітавалі ўступаць у ПВК "Вагнер" летам 2022 года, яе брат адмовіўся.

"Ён кажа: "Я што, дурань, ці што? На сваю ж смерць ісці. Я толькі дзеля вас тут знаходжуся, каб выйсці. Адседзець, каб прыехаць дадому", успамінае Мікава размову з братам. Родныя не разумеюць, што адбылося, чаму меркаванне Максіма праз некалькі месяцаў так змянілася. "Гэта дурасць поўная, што ён з "Вагнерам" пайшоў на вайну", кажа яшчэ адна сваячка загінулага Святлана Кове.

ПВК "Вагнер" коштам вялікіх чалавечых ахвяр ужо некалькі месяцаў штурмуе Бахмут у Данецкай вобласці. Але цалкам акружыць горад расійскія сілы дагэтуль не змаглі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі