Пад абноўлены "дэкрэт аб дармаедстве" могуць трапіць каля 250 тысяч чалавек

Пад абноўлены "дэкрэт аб дармаедстве" могуць трапіць каля 250 тысяч чалавек

Каля 250 тысяч чалавек могуць трапіць пад дзеянне дэкрэта №1. Такую лічбу назваў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. 

Для параўнання нагадаем, што паводле дэкрэта №3 падаткавікі разаслалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату збору на дармаедства.

"Калі зыходзіць з балансу працоўных рэсурсаў Беларусі (на жаль, пакуль у нас ёсць выніковыя звесткі толькі за 2016 год, за 2017 год будуць крыху пазней), то гэта можа быць прыкладна 250 тысяч чалавек. Мы пра іх чамусьці не ведаем. Гэта значыць афіцыйная статыстыка не ведае, чым яны займаюцца", — перадае tut.by словы чыноўніка. Токун мяркуе, што часткова гэтыя людзі — мігранты, якія выехалі на заробкі ў іншыя краіны, а часткова — тыя, хто працуе нелегальна або без афармлення працоўных адносін, або сам на сябе без рэгістрацыі. 

"Мяркую, што гэтыя людзі так ці інакш павінны чымсьці займацца ў сваім жыцці. І калі ён не працуе, не вучыцца, ці, напрыклад, не выхоўвае дзяцей, то трэба яго прыцягваць на рынак працы, даваць яму ў рукі новую прафесію ці прапаноўваць яму іншыя варыянты занятасці", — заявіў прадстаўнік Мінпрацы.

Для складання спісу непрацуючых працаздольных грамадзян, па словах Токуна, будзе створаная сістэма ўсіх інфармацыйных рэсурсаў, якія ёсць сёння ў Беларусі, каб выключыць магчымыя памылкі, якія былі раней. "Гэта будуць аб'яднаныя і базы даных Фонду сацыяльнай абароны, і базы даных тых, хто зарэгістраваўся беспрацоўным. Таксама мы будзем атрымліваць інфармацыю і ад падатковай інспекцыі, хто з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам, выплачвае нейкія іншыя падаткі і зборы. Гэта значыць, мы пастараемся максімальна агрэгаваць і сабраць глабальную базу даных, каб, крый божа, не памыліцца", — патлумачыў ён.

Як паведамлялася раней, падчас дзеяння дэкрэта №3 падатковыя органы часам рассылалі паведамленні пра неабходнасць заплаціць збор на дармаедства не толькі непрацуючым, але таксама інвалідам і нават памерлым.

Гаворачы пра паслугі, якія на 100% будуць аплочваць тыя, хто трапіў пад дзеянне дэкрэта №1, Токун выказаў меркаванне, што гэта хутчэй за ўсё будуць жыллёва-камунальныя паслугі. Механізм выплаты будзе вызначаны ўрадам. 

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1. Гэты дакумент замяніў сабой ранейшы дэкрэт №3 і скасаваў выплату так званага збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў з непрацуючых грамадзян. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі