Пацярпелага падчас тэракту ў Расіі беларуса выпішуць з бальніцы праз два тыдні

Пацярпелага падчас тэракту ў метро Санкт-Пецярбурга беларуса выпішуць з бальніцы праз два тыдні. Пра гэта паведамляе тэлеканал “Беларусь 1”. Жыхар Гродна (па іншай інфармацыі, Ваўкавыска) 53-гадовы Юрый Шушкевіч працуе на чыгунцы Расіі кандуктарам грузавых цягнікоў. У Санкт-Пецярбург ён прыехаў на сустрэчу з сябрамі. Падчас тэракту беларус знаходзіўся ў тым самым вагоне, дзе прагрымеў выбух.
 
“Тыя, хто стаяў, ужо ляжалі, тыя, што сядзелі, так і засталіся сядзець. Пасля тыя, хто застаўся жывы, падняліся, пачалі праз акно дзяцей падаваць спярша, жанчын. Я прабраўся і з мужыком адным ададраў кавалак дзвярэй, каб можна было выносіць усіх астатніх. Неяк так…”, — распавёў Шушкевіч.
 
Як вядома, у выніку тэракту загінулі 14 чалавек, дзясяткі былі параненыя.