Вы тут

Па "справе карагодаў" у Брэсце ўжо асуджаны 67 пратэстоўцаў

Ігар і Юлія Лаптановічы / spring96.org

Па "справе карагодаў" у Брэсце ўжо асуджаны 67 пратэстоўцаў. 4 жніўня вынесены прысуды яшчэ 12 удзельнікам вераснёўскай вулічнай акцыі. Як адзначае тэлеграм-канал @viasna_brest, гэта сёмая група. Прысуд агучыла суддзя Вера Філонік.

Палітвязень Ігар Лаптановіч атрымаў 2,5 гады калоніі, яго жонка Юлія Лаптановіч — 3 гады "хатняй хіміі". Яны не прызналі сваю віну.

Аляксей і Таццяна Біруковы, Сяргей Дзягцярык, Дар'я Дзям'янка, Андрэй Парфеевец, Канстанцін Пяцінкін асуджаны на 2 гады "хатняй хіміі" кожны, Андрэй Касцюк — на 3 гады "хіміі", Уладзімір Макарэвіч, Наталля Шыла атрымалі па 2,5 года "хіміі", Арцём Андрасюк — 2 гады "хіміі". Андрасюк, Дзям'янка, Касцюк, Макарэвіч, Шыла сваю віну таксама не прызналі.

13 верасня 2020-га падчас акцыі пратэсту людзі сабраліся на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. Пазней сілавікі вылічылі частку пратэстоўцаў, іх судзяць групамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.