Вы тут

Па патрабаванні Мінінфарма пачалася блакіроўка сайта Naviny.online

У Беларусі перастаў адкрывацца сайт Naviny.online

З вечара 12 жніўня правайдэры пачалі абмяжоўваць доступ да сайта Naviny.online — інтэрнэт-газеты БелаПАН. Агенцтва паведамляе, што на сайт не могуць зайсці карыстальнікі МТС, Life і "Белтэлекама".

Раніцай 13 красавіка Naviny.online былі даступныя для абанентаў А1, але пасля 9 гадзін сайт перастаў адкрывацца і ў іх. Пакуль зайсці на сайт могуць карыстальнікі інтэрнэту ад "Космас Тэлекам".

Naviny.online — гэта "люстэрка" асноўнага сайта інтэрнэт-газеты Naviny.by, які быў заблакаваны ў канцы жніўня 2020 года. Міністэрства інфармацыі тады палічыла, што некаторыя артыкулы, апублікаваныя на сайце, "негатыўна характарызуюць сітуацыю ў Беларусі пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных органаў".

Гэтым разам у Міністэрстве інфармацыі патлумачылі, што доступ да сайта быў заблакаваны ў адпаведнасці з абноўленым Палажэннем аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу. Змены ў палажэнне былі ўнесены ў канцы сакавіка. Мінінфарм атрымаў права патрабаваць блакавання і "люстэрка". Пры гэтым уладальніка сайта-копіі інфармуюць аб блакаванні толькі ў тым выпадку, калі "люстэрка " знаходзіцца ў даменнай зоне .by.

5 красавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра інфармацыі. Ім стаў Уладзімір Пярцоў. Праз некалькі дзён Пярцоў заявіў, што прыйшоў час "расставіць кропкі над "i" у медыясферы" і анансаваў прыняцце адпаведных мер — абмежавальных і забаронных. У панядзелак, 12 красавіка, рашэннем Мінінфарма ў Беларусі было спынена вяшчанне тэлеканала Euronews. Замест яго запусцілі расійскі канал "Перамога", прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.