Вы тут

"Па-добраму, трэба расстраляць". Артыкул пра дармаедаў у "Вячэрнім Магілёве"

Савецкі плакат і скрыншот з сайта vecherniy-mogilev.by

Які нам патрэбны дэкрэт аб дармаедах? Даць свой адказ на гэтае пытанне вырашыў Віктар Кандраццеў, вайсковы юрыст у адстаўцы і па сумяшчальніцтве аўтар газеты "Вячэрні Магілёў".

Кандраццеў хутка прыходзіць да высновы, што знайсці ўправу на дармаедаў (у якасці прыкладу ў артыкуле згадваецца "біч Федзя") існуючымі сродкамі не атрымаецца. "Па-добраму, Федзю бы трэба расстраляць, — робіць выснову калумніст, але тут жа мяняе гнеў на літасць. — Але, здаецца, сам ён нікога не забіў, каб караць яго па прынцыпе вока за вока".

Скрыншот з сайта www.vecherniy-mogilev.by

Калі расстраляць — гэта "па-добраму", дык што "па-дрэннаму"? Віктар Кандраццеў прапануе наступнае рашэнне:

"Нам застаецца спадзявацца, што будзе яшчэ прыняты такі дэкрэт аб дармаедах, які накіруе гэты зброд у рэзервацыі і прымусіць іх працаваць там да пенсіі".

Газета "Вячэрні Магілёў" вядомая найперш скандальнымі публікацыямі пра прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў. У адным з артыкулаў яна абрынулася на трансгендара, які жыве ў вёсцы на Магілёўшчыне. Пасля публікацыі суддзя Станіслаў Леўчанка атрымаў вымову за разгалошанне медыцынскай таямніцы.