У Магілёве суддзя, які разгалосіў медыцынскую таямніцу, атрымаў вымову

Магілёўскі суддзя Станіслаў Леўчанка атрымаў вымову. Нагодай для яе стала перадача пікантных падрабязнасцяў судовага працэсу над транссэксуалам, а таксама далейшае разгалошванне медыцынскай таямніцы ў артыкуле ў газеце “Вячэрні Магілёў”.

Нагадаем, жыхара вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна абвінавачвалі ў крадзяжы. Інфармацыя пра публікацыю мясцовай газеты выклікала рэзананс у беларускім грамадстве. З нагоды публікацыі збіралася камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая канстатавала, што аўтары публікацыі не мелі права разгалошваць інтымныя акалічнасці жыцця згаданага грамадзяніна.

Журналісты прыйшлі да высновы, што рэдактарка газеты “Вячэрні Магілёў” Надзея Леўчанка з’яўляецца маці суддзі Станіслава Леўчанкі, і што дзякуючы менавіта гэтаму сталі вядомыя дэталі і акалічнасці судовай справы.

Пра атрыманне суддзёй вымовы паведаміў магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў. Ён звяртаўся з нагоды разгалошвання інтымных падрабязнасцяў справы суддзёй у прэсе са скаргай на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда. У адказе было пазначана, што ў лютым суддзя Леўчанка атрымаў дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы, інфармуе сайт spring96.org.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі