Вы тут

Па "дармаедскім" дэкрэце прыдумалі новы збор

"Антыдармаедская" акцыя ў 2017 годзе ў Мінску / Еўрарадыё

Беларускія ўлады прыдумалі, як яшчэ ўзяць грошы з людзей, унесеных у спіс "не занятых у эканоміцы".

Цяпер беларусам, якія хочуць праз інтэрнэт даведацца, ці не ўнеслі іх у "дармаедскі" спіс, давядзецца заплаціць. Раней паслуга на Адзіным партале электронных паслуг была бясплатнай. Таксама заплаціць давядзецца і за інфармацыю, ці не ўключылі грамадзяніна ў лік тых, хто павінен па поўных тарыфах аплачваць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі.

База грамадзян, не занятых у эканоміцы, была запушчаная 1 снежня 2018 года. 

У Нацыянальным цэнтры электронных паслуг журналістам TUT.by паведамілі, што паслуга стала платнай з сакавіка 2020 года. За адзін заказ давядзецца заплаціць 42 капейкі. 

"Паслуга прадастаўляецца фізічным асобам па перадаплаце. У момант атрымання паслугі будзе выстаўлены нумар замовы для аплаты ў АРІП. Для атрымання доступу да паслугі неабходна накіроўваць заяўку, заключаецца дамова, аплата за паслугу праходзіць па штомесячных актах выкананых работ", — кажуць у НЦЭП. Атрымаць даведку можна толькі пра сябе. 

За інфармацыю, ці трэба вам аплочваць камуналку па поўным тарыфе, таксама давядзецца заплаціць 42 капейкі. 

Аплаціць паслугу можна ў АРІП або ў банкаўскім аддзяленні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.