21 сакавіка па БТ паказалі сюжэт пра забітага сілавікамі "гродзенскага дыверсанта" і нават момант штурму кватэры: ад выбуху выляталі шыбы.
Паведамляецца, што "гродзенскі тэрарыст" паводле дакументаў быў грамадзянінам РФ Аляксеем Мікалавічам Ламакіным, 1981 года нараджэння. Але гэтыя дакументы, нібыта, былі фальшывыя.
Сілавікі ў тэлесюжэце расказалі, што "гродзенскі дыверсант" быў паранены пры затрыманні і памёр па дарозе ў лякарню. Раней паведамлялася, што ён быў "ліквідаваны" падчас затрымання.
Як распавядала Еўрарадыё, 19 сакавіка КДБ заявіла, што група "Альфа" ліквідавала ў Гродне замежніка, які пранік у Беларусь з мэтай правесці тэрарыстычную акцыю. Пры гэтым замежнік адстрэльваўся ад спецназаўцаў і выкарыстоўваў баявыя гранаты.