Па БТ намякнулі, што ў беларускія прэзідэнцкія выбары ўмяшалася Расія

Іван Эйсмант у "Галоўным эфіры" / Скрыншот
Іван Эйсмант у "Галоўным эфіры" / Скрыншот

За ператрусамі і затрыманнямі ў Белгазпрамбанку "стаіць нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калег". На гэта ў "Галоўным эфіры" на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 14 чэрвеня намякнуў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

"Відавочна, што справа ідзе да апублікавання куды больш сур'ёзных фактаў па куды больш сур'ёзных катэгорыях. Напрыклад, па факце ўмяшання замежнай дзяржавы ў беларускія ўнутраныя справы", — сказаў Эйсмант.

Каментуючы затрыманні сярод топ-менеджараў Белгазпрамбанка, Аляксандр Лукашэнка назваў гэты банк замежным. Акцыянеры Белгазпрамбанка — ПАТ "Газпрам" і "Газпрамбанк" (АТ) — па 49,818% акцый, а таксама ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь" (0,266%), Дзяржкаммаёмасці Беларусі (менш за 0,1%) і іншыя (менш за 0,001% ).

12 траўня "Газпрам" назваў дзеянні беларускіх сілавікоў супраць Белгазпрамбанка незаконнымі. А галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" (66% акцый валодае холдынг "Газпром-медыя") выказаўся пра сітуацыю ў духу "Пуцін гэтага так не пакіне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі