Па аплату лячэння загінулай беларускі польскі шпіталь звернецца ў амбасаду РБ

Шпіталь у Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Шпіталь у Польшчы, ілюстрацыйнае фота / Justyna Rojek / East News

Варшаўскі шпіталь, у якім была пасля нападу і згвалтавання беларуска Ліза, будзе звяртацца ў беларускую амбасаду ў Польшчы па аплату лячэння. Гэтага патрабуюць зацверджаныя працэдуры, паведамляе "Белсат" са словаў прэс-сакратара бальніцы Барбары Мяткоўскай.

Журналісты пацікавіліся ў яе, хто будзе аплочваць медыцынскія паслугі, бо вядома, што хлопец Лізы праводзіў збор грошай на лячэнне. Мяткоўска кажа, што перш-наперш яны адправяць зварот у амбасаду РБ, а таксама спраўдзяць, ці мела дзяўчына статус уцякачкі — гэта будзе шмат на што ўплываць.

Вядома, што Лізавета падавала хадайніцтва аб міжнароднай ахове, але, хутчэй за ўсё, працэдура не была даведзеная да канца. Калі б беларуска паспела атрымаць статус уцякачкі, усе рахункі аплочвала б польская дзяржава. Рашэнне, па словах Мяткоўскай, будзе прынятае няхутка, бо патрабуецца шмат юрыдычных дзеянняў.

Яна дадае, што хлопец загінулай беларускі аплатамі займацца не будзе. А сабраныя ім грошы на лячэнне Лізы, хутчэй за ўсё, будуць вернутыя ахвяравальнікам. "Мы з грашыма са збору не маем нічога агульнага і, вельмі імаверна, мець не будзем", — падкрэслівае Мяткоўска.

Цела беларускі, па словах прадстаўлніцы шпіталя, перададзенае ва ўстанову судовай медыцыны для працэдуры анатамавання. Калі вынікі анатамавання пацвердзяць, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, выстаўленыя Дарыяну С., і яго будуць судзіць за забойства.

25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы мясцовы жыхар, згвалтаваў яе і душыў. У выніку ў дзяўчыны здарылася гіпаксія, якая пацягнула за сабою незваротныя наступствы для мозгу. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі. Нападніка затрымалі праз некалькі гадзін пасля злачынства.

У Варшаве 6 сакавіка адбудзецца марш памяці 25-гадовай Лізы. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства, вуліца Журавя, 47 (Żurawia 47). Пачатак акцыі прызначаны на 18:00.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі