Беларускі ці расійскі след шукаюць у крадзяжы чыгуначнай апаратуры ў Варшаве

Цягнік у Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Цягнік у Польшчы, ілюстрацыйнае фота / PKP Intercity

У Варшаве з офіса кампаніі Pyrylandia скралі абсталяванне, здольнае спыняць цягнікі, піша MOST.

Падазраванага затрымалі, але скрадзеную апаратуру знайсці не ўдалося. Расследаванне вядуць Галоўнае ўпраўленне паліцыі і спецслужбы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, як заяўляе выданне Wirtualna Polska, у справе можа быць след беларускіх ці расійскіх спецслужбаў.

Pyrylandia — пастаўшчык тэлекамунікацыйнага абсталявання. 15 чэрвеня ў штаб-кватэру кампаніі трапіў мужчына, які вынес адтуль два камплекты сістэм радыёсувязі, якія выкарыстоўваюцца ў арганізацыі чыгуначнага руху. У ты ліку яно можа падаваць радыёсігнал "стоп". Гэты сігнал пры трансляцыі на службовай частаце аўтаматычна выклікае экстранае тармажэнне цягнікоў у пэўным радыусе. Аднаўляецца рух цягнікоў толькі пасля дазволу дыспетчара.

Таксама гэтае абсталяванне забяспечвае сувязь дыспетчара з машыністам, дазваляе весці запіс размоў і дыстанцыйна кіраваць рухам на ўчастку, дзе ўсталяваная сістэма.

Паведамляецца, што праз нейкі час пасля здарэння невядомы спрабаваў атрымаць у адной з кампаній, якія абслугоўваюць лінію з абсталяваннем Pyrylandia, інфармацыю пра IP-адрасацыю прылад сістэмы радыёсувязі. Прадстаўнік кампаніі такую інфармацыю яму не даў. Пра інцыдэнт паведамілі ў Pyrylandia, PKP PLK і ў спецслужбу — Агенцтва ўнутранай бяспекі.

У выданні Wirtualna Polska са спасылкай на неафіцыйныя звесткі ад спецслужбаў кажуць, што ў крадзяжы могуць быць зацікаўленыя беларускія ці расійскія спецслужбы. З дапамогай такога абсталявання яны могуць блакаваць пастаўкі ваеннай і гуманітарнай дапамогі Украіне па чыгунцы.

На пачатку ліпеня паліцыя Варшавы затрымала 44-гадовага мужчыну, які прызнаўся ў крадзяжы абсталявання. У яго няма пастаяннага месца жыхарства і рэгістрацыі, раней яго судзілі за дробны крадзеж. Паведамляецца, што затрыманы мог быць выканаўцам злачынства, але заказчыка (калі ён быў) выявіць пакуль не ўдалося.

Летась у Польшчы ўжо была хваля прыпынкаў цягнікоў у выніку несанкцыянаванага сігналу "радыёстоп". Тады ў Падляскім ваяводстве затрымалі некалькіх чалавек, у тым ліку паліцыянта. У іх канфіскавалі радыёаматарскае абсталяванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі