Беларуска-польскую мяжу могуць закрыць. Эксперт патлумачыў чаму

Верагоднасць закрыцця мяжы з Польшчай усё яшчэ высокая

Верагоднасць закрыцця мяжы з Польшчай усё яшчэ высокая / калаж Euroradio

Польшча гатовая цалкам закрыць мяжу з Беларуссю, нават улічваючы ціск з боку іншых краін — сябраў Еўрасаюза, у якіх ёсць свае эканамічныя інтарэсы. Такое меркаванне ў стрыме Еўрарадыё выказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман

“Вядома, будзе ў гэтым выпадку ціск з боку Берліна, Парыжа і астатніх. Бо зноў жа — тут эканамічныя інтарэсы не толькі польскія, а агульнаеўрапейскія. Калі Польшча сапраўды прыме такое рашэнне, то будзе адпаведны закулісны ціск, я думаю. Польскі ўрад у гэты момант дэманструе рашучасць. Я б на месцы Лукашэнкі не стаў рызыкаваць, правяраючы, ці здольныя палякі гэта зрабіць. Бо мне падаецца, што яны на гэта здольныя. І з мяжой тут справа такая — яе вельмі проста закрыць. А потым адкрыць — калі ўжо гэта будзе. Так што эскалацыя ў гэтым сэнсе цалкам магчымая”, — разважае эксперт.

Беларускі рэжым у сённяшняй сітуацыі трапіў у складанае становішча, якое можа стаць для яго сапраўднай пасткай, калі незадаволенымі застануцца Еўрасаюз, Расія і Кітай.

“Ён [Лукашэнка] можа выканаць тое, чаго ад яго чакае польскі бок: вызваліць палітвязняў польскага паходжання, перадаць падазраванага, якога вінавацяць у забойстве польскага памежніка. Але калі Расія не пагодзіцца на спыненне міграцыйнага крызісу? [Вядома], палякі скажуць: “Добра, Лукашэнка, ты выканаў два патрабаванні. А галоўнага — спыненне крызісу — не выканаў. А калі не выканаў, значыць, усё застаецца як ёсць, і мы закрываем мяжу”. І тут для Лукашэнкі можа скласціся вельмі непрыемная сітуацыя. Ён у складаным становішчы, ад яго патрабуюць таго, чаго ён не хоча рабіць, што яму вельмі непрыемнае. Ды яшчэ патрабуюць вырашыць пытанне, якое ён, магчыма, не ў стане вырашыць — звязанае з мігрантамі”.

Магчыма, у камунікацыі з кітайцамі Лукашэнка кажа, што робіць усё, каб транзіт працягваўся. 

“Але іх [кітайцаў] гэта не цікавіць, ім галоўнае вынік. Вынік ёсць — добра, выніку няма — ну прабач”, — падсумоўвае Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі