Вы тут

Офіс, ніякіх цэхаў: вытворца зброі нешта будуе на беразе Свіслачы ў Мінску

Якое, па-вашаму, прызначэнне можа мець такі аб'ект?

У Мінску на вуліцы Трасцянецкай будуецца аб’ект, пазначаны ў пашпарце як “адміністрацыйна-вытворчы комплекс”. Мясцовыя жыхары занепакоеныя. Яны мяркуюць, што неўзабаве тут можа з’явіцца прадпрыемства вайсковай прамысловасці.

Заказчык праекта — ЗАТ “ЦНІП”, якое піша пра сябе як пра адзінага ў Беларусі “аўтарызаванага распрацоўшчыка і вытворцу аўтаматызаваных сістэм кіравання і комплексаў спецыяльнага прызначэння”. Па інфармацыі з адкрытых крыніц, кампанія займаецца распрацоўкай і вытворчасцю супрацьтанкавых кіраваных ракетных комплексаў. ЗАТ “ЦНІП” — партнёр “БЕЛЗНЕШПРАМСЭРВІСА”, створанага яшчэ за часам БССР для прасоўвання на міжнародныя рынкі прадукцыі абароннай вытворчасці.

У якім стане цяпер будоўля?

На будпляцоўцы паміж вуліцай Трасцянецкай і Свіслаччу кіпіць праца. Адзін з будынкаў (магчыма, адміністрацыйны) ужо ўзняўся на чатыры паверхі, цяпер яго накрываюць дахам.

Побач будуецца прасторнае памяшканне з высокай столлю, якое можа стацца ангарам ці вытворчым цэхам. Па пашпарце аб’екта, будоўля мусіць завяршыцца ў кастрычніку 2021 года.

“Толькі офіс, ніякіх цэхаў”

Еўрарадыё паспрабавала звязацца з ЗАТ “ЦНІП”. На пытанне пра прызначэнне аб’екта, які будуецца на Трасцянецкай, нам адказалі, што ніякага механізма атрымання каментароў у кампаніі не існуе, пажадалі ўсяго найлепшага і паклалі трубку.

У праектнай арганізацыі ААТ “ІнжСпецБудПраект” спярша зрабілі выгляд, што не разумеюць, пра які аб’ект мы гаворым, але пазней усё ж прызналі сваю датычнасць да будаўніцтва. Праўда, ад далейшых каментароў устрымаліся. 

Кіраўніцай аўтарскага нагляду паводле пашпарта аб’екта прызначаная галоўная інжынерка праекта Ніна Балашэвіч — яе тэлефон аказаўся выключаны.

У падраднай арганізацыі ААТ “ТрыміфІнжБуд” нас бадзёра запэўнілі, што ніякай вайсковай вытворчасці на аб’екце не плануюць. Дэталяў праекта ў арганізацыі-падрадчыку не ведаюць, але дамову з імі заключылі на будаўніцтва адміністрацыйнага аб’екта. “Там няма вытворчых цэхаў, толькі людзі з паперамі будуць працаваць. Максімум якія-небудзь чарцёжнікі”, — выказалі ўпэўненасць у кампаніі-падрадчыку.

Тэхнічны нагляд за будаўніцтвам аб’екта ажыццяўляе ААТ “АйЦіСі Інжынірынг”. Там пацвердзілі свой удзел у праекце, але расказаць пра яго падрабязней да завяршэння будаўніцтва адмовіліся, спаслаўшыся на дамоўныя абавязацельствы.

Адказны прадстаўнік тэхнічнага нагляду Аляксандр Краўчанка не зняў трубку. Адказны вытворца работ Павел Макараў, пачуўшы пра аб’ект, тут жа згадаў пра сур’ёзную занятасць і кінуў трубку, не даслухаўшы да канца пытання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.