Някляеў зробіць стаўку на эстэтыку, Рымашэўскі будзе даплачваць беларускамо

Прэтэндэнты ў прэзідэнты расказалі Еўрарадыё, якімі метадамі будуць адраджаць беларускую мову і культуру і пад якой дзяржаўнай сімволікай збіраюцца кіраваць краінай.

Нягледзячы на тое, што за родную мову і культуру паэту Ўладзіміру Някляеву, паводле яго словаў, невыносна баліць сэрца, адраджаць іх загадам, указам ці якім іншым гвалтам ён не збіраецца. Як прызнаўся Еўрарадыё лідар кампаніі “Гавары праўду!”, ён будзе штодня прасіць людзей узгадаць — хто яны такія і адкуль іх карані.

Уладзімір Някляеў: “Прэзідэнт Някляеў збіраецца ўвесь час прасіць і прасіць беларусаў — не загадваць, не змушаць, ніякіх гвалтоўных метадаў не праводзячы — прасіць: спыніцца, азірнуцца назад, у гісторыю. Хаця ёсць такая практыка, і мы яе назіралі: просьба, сказаная з амвону да паствы, паствай успрымаецца як мае быць”.

А гэта азначае, што калі прэзідэнт будзе гаварыць па-беларуску, цікавіцца беларускай культурай, то і чыноўнікі “пацягнуцца” следам за ім. І не толькі чыноўнікі ад адукацыі і культуры, але і ў сферы спорту, гандлю і аховы здароўя, упэўнены Някляеў. Не збіраецца паэт і пакідаць у якасці дзяржаўнай сімволікі чырвона-зялёны сцяг. Але і ў гэтым выпадку сілком нічога змяняць не будзе.

Уладзімір Някляеў:
“Будзем біць на прыгажосць. Проста павесім побач тое, што прыдумана часам, гісторыяй — простае і геніяльнае бел-чырвона-белае. І павесім тое, што прыдумана найноўшымі геральдыстамі. Гэтыя колеры — чырвоны, зялёны — проста не стасуюцца! Можна прыняць і адмяніць розныя законы, але законы эстэтыкі, законы прыгажосці, па якіх і стварыў усё Гасподзь, — адмяніць гэта нельга. І гэтыя законы перамогуць”.

На агітацыю і рэкламу мовы, культуры і нацыянальнай сімволікі разлічвае ў сваіх адраджэнскіх настроях і эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Трэба перш за ўсё зрабіць актыўную дзяржаўную праграму, прамоцыю беларускай мове і культуры. Каб людзі ведалі, што беларуская мова не штучная, а мова вялікай дзяржавы. Што ў нас шматвяковая гісторыя, што ў нас ёсць чым ганарыцца. І калі гэта будзе, праз 3-4 гады пытанне пра дзяржаўную мову і нашыя сімвалы — яно вырашыцца кансенсусам. Нельга, каб новая ўлада сказала “праз калена”: “Я хачу так і не больш за тое!”. Але легалізацыя нашых гістарычных сімвалаў, безумоўна, будзе. І мы будзем ганарыцца бел-чырвона-белым сцягам і "Пагоняй".

А вось прэтэндэнт у прэзідэнты ад хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі вырашыў дзейнічаць у пытаннях адраджэння з дапамогай рубля.

Віталь Рымашэўскі: “Тым людзям, якія пажадаюць выкладаць у інстытутах, размаўляць у крамах, на сваіх працоўных месцах, у школах па-беларуску, то будуць створаныя адмысловыя фонды для развіцця беларускай культуры — і гэтыя людзі будуць атрымліваць падтрымку. Істотную падтрымку да іх заробку. Я думаю, што ў такім выпадку колькасць жадаючых размаўляць па-беларуску на сваіх працоўных месцах будзе расці неверагоднымі тэмпамі!”.

А вось у пытанні вяртання нацыянальнай сімволікі Рымашэўскі будзе бескампрамісным.

Віталь Рымашэўскі: “Першым маім указам будзе адмена вынікаў рэферэндуму, які не быў прызнаны ніводнай з краін свету, і нацыянальная сімволіка зойме сваё належнае месца як дзяржаўная сімволіка Беларусі”.

А намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапаноўвае пачаць культурніцкае адраджэнне з дакладнага выканання прынятага на пачатку 1990-х закона “Аб мовах”. А там беларускай мове надзялялася асаблівая ўвага.

Рыгор Кастусёў: “І яго да гэтага часу ніхто не адмяніў, гэты закон існуе. Проста яго закінулі на задворкі. Калі будзе ў Беларусі на адпаведным узроўні існаваць беларуская мова, то побач з ёй будуць існаваць мовы і іншых нацыянальных меншасцяў. Будуць створаныя ўмовы для вывучэння польскай мовы, літоўскай, украінскай. Калі будзе дзяржаўнай мовай беларуская, будуць дзеткі вывучаць і рускую мову — хто якую пажадае. Але такія магчымасці павінны існаваць”.

Аднак самы арыгінальны сродак хутка прасунуць культурніцкае адраджэнне ў масы прапанаваў Мікола Статкевіч. Усяго толькі і трэба — дадаць адзін артыкул у выбарчае заканадаўства.

Мікола Статкевіч: “Кандыдат у прэзідэнты Беларусі павінен дасканала валодаць беларускай мовай! І паціху ўсё пачне наладжвацца. Потым можна было б такую папраўку зрабіць для кандыдатаў у дэпутаты парламента. І ўсё з гэтага пачнецца. Бо знізу рабіць гэта, выламаць рукі — можна нарвацца на рэакцыю такую, што..! А я думаю, што кожная мамка хоча бачыць свайго дзіця прэзідэнтам альбо міністрам. Але не менш!”

І будуць, кажа, сваё дзіця аддаваць у беларускамоўную школу. А што тычыцца дзяржаўнай сімволікі, то Статкевіч прапануе проста актыўна даводзіць людзям, што сапраўдны гонар кожнай краіны — гэта старадаўняя нацыянальная сімволіка. І чым яна старэйшая — тым больш прэстыжна. Калі людзям гэта растлумачыць, праблем з вяртаннем бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня" не будзе.


Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі