Някляеў: Вызваленне палітвязняў не прывядзе да скасавання санкцый

Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Някляеў: “Прычына вызвалення палягае ў выбарах. Дакладней, у жаданні беларускіх уладаў, каб яны былі прызнаныя дэмакратычным Захадам. На шляху да гэтага прызнання была адна перашкода – палітвязні. Цяпер яна знятая і заходнія палітыкі змогуць спакойна прыехаць у Беларусь і спакойна, калі не здарыцца нечага непрадказальнага, заявіць, што выбары прайшлі з большага па дэмакратычных стандартах. Толькі нават гэта прызнанне і паляпшэнне адносінаў з Захадам не з’яўляюцца падставай для зняцця санкцый з Беларусі, скасавання спісы неўязных у Еўрасаюз беларускіх чыноўнікаў. Бо і пасля выхаду палітвязняў на волю Беларусь застаецца паліцэйскай краінай, дзе шмат іншых праблем з правамі чалавека, свабодай слова, СМІ і гэтак далей. Да ўсяго, усім вядомая гэтая беларуская цыклічнасць, калі пасля выбараў людзей кідаюць за краты і ў краіне з’яўляюцца палітвязні, а перад выбарамі – іх вызваляюць”.

22 жніўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне заснаванае на “прынцыпе гуманізму”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі