Новыя падрабязнасці пра працэс над былым начальнікам Баранавіцкай ДАІ

28 лютага ў Ляхавічах пачаўся суд над былым кіраўніком Баранавіцкай ДАІ. Працэс адкрыты. Андрэй Ваўкавыцкі, пад коламі аўтамабіля якога ў лістападзе 2016 года загінула жанчына, цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Яго абвінавачваюць у "парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" (ч. 4 арт. 317 КК).

Як інфармуе БЕЛТА, у судзе было агучана, што Ваўкавыцкі ехаў па трасе Баранавічы — Ляхавічы ў вёску Дарава з хуткасцю 100 кіламетраў за гадзіну, хаця там максімальна дазволена 60 км/г. Гэтая хуткасць не дазваляла кіроўцу пры неабходнасці саступіць шлях пешаходам. Як вядома, 36-гадовая жанчына пераходзіла дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Кіроўца легкавіка пры выбары хуткасці руху не ўлічыў абмежаванне пры пад'ездзе да яго, які ён бачыў. Адзначаецца, што абвінавачаны быў няўважлівы ў той дарожнай сітуацыі. Ён не прапусціў пешахода, хаця меў такую магчымасць. Жанчына загінула ад атрыманых траўмаў (агулам у яе налічылі 42 пашкоджанні).

Таксама ў судзе было адзначана, што алкагольнае ап'яненне кіроўцы і перавышэнне хуткасці не спрыялі пастаяннаму кантролю за бяспечным рухам аўтамабіля. Сам абвінавачаны падчас допыту патлумачыў, што 26 лістапада 2016-га, знаходзячыся ў Ляхавічах, у перыяд з 18-й да 20-й гадзіны ўжываў спіртныя напоі. Пасля ён вырашыў паехаць у Баранавічы на сваім аўтамабілі Opel Zafira. Мужчына сцвярджае, што на пад'ездзе да Дарава ён скінуў хуткасць да 60 км/г, а пасля за спідометрам не сачыў. Таму дапускае, што моцна перавысіў хуткасць. Пешаходны пераход наперадзе ён бачыў, але пешаходаў паблізу не заўважыў. На правай абочыне стаяў легкавы аўтамабіль. Кіроўцы падалося, што каля яго мог быць чалавек, таму ён ўзяў лявей, баючыся сутыкнення. Калі паглядзеў наперад, убачыў, што збіў жанчыну. Да прыезду следча-аператыўнай групы Ваўкавыцкі заставаўся на месцы.

Фота: БЕЛТА