Вы тут

Новаўвядзенне ў Гомелі на судах над пратэстоўцамі: "скарочаны варыянт"

У судзе / Ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў разглядзе адміністрацыйных спраў пратэстоўцаў заўважана новаўвядзенне — "скарочаны варыянт", паведамляе Радыё Свабода. Суддзя прапануе затрыманаму на вулічнай акцыі напісаць заяву аб поўным прызнанні сваёй віны. Пасля гэтага матэрыялы справы нават не будуць разглядацца. Прысуд можа быць агучаны ўжо праз хвіліну — штраф (абскардзіць яго ў выпадку пісьмовай заявы ўжо немагчыма). І чалавека адпускаюць. Так адбылося з 24-гадовай Марынай Скідан, якую судзіла Алеся Осіпава.

Падчас разгляду справы інжынера хімзавода Ігара Бахмата суддзя Віктар Казачок прапанаваў яму "скарочаны варыянт". Бахмату пачалі дыктаваць тэкст заявы. У гэты момант хтосьці з прысутных абурыўся: "Так рабіць нельга, вы прымушаеце чалавека нешта падпісваць, такой нормы няма ў заканадаўстве". У выніку суддзя заявіў, што пісаць заяву ўжо не трэба, асудзіў інжынера на 8 сутак адміністрацыйнага арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.