Вы тут

“Нічога не адбываецца”: як жыве Іўе, дзе за дзень увялі і адмянілі масачны рэжым

Дзверы аптэкі ў Іўі, 28 траўня 2020 года / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

26 траўня газета “Іўеўскі край” напісала, што ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў горадзе ўводзіцца абавязковае нашэнне ахоўных масак. Еўрарадыё вырашыла паехаць у гэты прыгожы горад у Гродзенскай вобласці, каб даведацца, што там адбываецца.

Паркуемся каля адміністрацыйнага будынка, які па іроніі лёсу аказваецца тым самым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, які першым у краіне рызыкнуў забараніць суб'ектам гаспадарання абслугоўваць наведвальнікаў без масак. На дзвярах вісіць карцінка, якая нагадвае пра неабходнасць нашэння маскі пры ўваходзе ва ўстанову. Акурат у гэты момант з будынка выходзяць супрацоўніцы цэнтра — ідуць на абед. Без масак.

Нават грошы за святло не бяруць

Пра першы выпадак каранавіруса ў амаль васьмітысячным Іўі стала вядома 30 сакавіка. Інфекцыю выявілі ў мужчыны, які трапіў у бальніцу з пнеўманіяй. Колькі цяпер хворых у горадзе, як і ва ўсёй Гродзенскай вобласці, — невядома. Апошні раз статыстыка па рэгіёнах агучвалася Мінздароўя 24 красавіка. 

Мінакі на голоўнай вуліцы Іўя, 28 траўня 2020 года / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

“Так, тут эпідэмія, — нам адразу шанцуе на гаваркую суразмоўніцу Інесу — яе маска закрывае падбароддзе, твар дачушкі Інесы таксама абараняе маска. — Хворых шмат, але падрабязнасцяў ніхто не кажа. Сур’ёзная ўспышка ў нас цяпер, пасля 20-га чысла гэта адбылося. Шмат што закрываецца. Школа закрытая, камунгаз, ЖКГ — усё праз каранавірус. Нават грошы за святло не бяруць. Ужо тры месяцы не можам заплаціць! Мы беражомся, не выходзім з дому, вось сусед прывёз да мамы, у мамы пабудзем — і зноў дадому”. 

Словы Інесы пацвярджае яшчэ адна жыхарка Іўя:

“Я ў масцы, бо сын сказаў насіць, — ён медыкам працуе. Напэўна, шмат хворых, але яны ж не даюць нам ніякай інфармацыі. Сярод маіх знаёмых ёсць хворыя. Пнеўманіі проста, і ўсё — каранавірус непацверджаны. А наконт таго, ці папраўляюцца людзі — а хто дае статыстыку? Ніхто не дае па раёне статыстыку. Школа на каранціне, і нават запраўкі, кажуць, на каранціне”.

Апоўдні ў цэнтры Іўя шматлюдна. Людзі бягуць у крамы, аптэку, банк, на пошту. Шмат хто ў масках — іўеўцы падаюцца нават больш свядомымі, чым мінчукі. Але ўсё ж менш ахвотнымі да шчыраванняў з журналістамі.

Жанчына ў масцы ў цэнтры Іўя, 28 траўня 2020 года / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

“Нічога не адбываецца”

“Эпідэмія нейкая”, — кідае нам чалавек без маскі: апраўдваецца, што пакінуў яе дома і бяжыць узяць, каб наведаць краму. Каля банкамата — чарга, усе захоўваюць дыстанцыю. Паперкамі з напамінам пра сацыяльнае дыстанцыяванне і неабходнасць насіць маскі абклеены дзверы ўсіх грамадскіх месцаў Іўя. Раз-пораз па цэнтры праносяцца “хуткія”.

“Жыву за горадам, у нас там ціха, спакойна, як заўсёды. Паветра свежае, птушкі спяваюць. А тут я нічога не ведаю”, — супакойвае прадавачка крамы, дзе мы набываем скотч. Я — у масцы, мой калега — без, але з крамы яго ніхто не выганяе.

Прыпякае. Неўзабаве пойдзе дождж. Пасля абеду людзі разбягаюцца па рабочых месцах і Іўе робіцца падобным да любога невялікага беларускага райцэнтра — чысценька і пуста. 

Мужчыны прыехалі ў Іўе па газонакасілку. Кажуць, у іх на вёсцы ніхто не хварэе / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

“Мы з вёскі прыехалі купіць бензакасілку. У нас на вёсцы ціха, — мужчыны загружаюць у багажнік пакупкі. — А тут кажуць, што па бальніцах, што настаўнікі пахварэлі. Загад такі, каб хадзіць усім у масках”. 

Рушым у бок школы — яна хоць і закрытая на каранцін, але з яе выходзяць людзі. У двары дома каля школы жанчыны гучна абмяркоўваюць сітуацыю. Мы чуем словы: станоўчы і адмоўны тэсты, бальнічны. Падыходзім, пытаемся, што адбываецца.

“Нічога не адбываецца. Масачны рэжым увялі, і ўсё. Успышка, мабыць, нейкая. Мы прачыталі таксама ў газеце”, — кажа адна з жанчын.

“Усё добра. Усе з’язджаюць за мяжу”

“Гэта звязана, мабыць, з ростам захваральнасці на каранавірус. Але вы ж бачыце, людзі ходзяць, усё нармальна, — тлумачыць жыхарка суседняга дома — яна прывяла дачку на дзіцячую пляцоўку. — Магчыма і ёсць нейкія выпадкі, але дзіцячыя садкі адкрытыя. З маіх знаёмых ніхто не захварэў. Людзі працуюць у калектывах — няма такога. Страшнага нічога няма — як, бывае, распісваюць. Я сама не баюся. Лічу, што каранавірус — гэта як вірус, як грып — ад грыпу таксама людзі паміраюць, калі ўскладненні дае. Чаму баяцца, гэта ж не страшна?!” 

Жыхарка Іўя з дачкой на дзіцячай пляцоўцы ў двары дома / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

Жанчына кажа, што каранавірус ніяк не змяніў ні жыццё іўеўцаў, ні яе:

“Я працую ў Дэпартаменце аховы. Заробак як давалі ў час, так і даюць. Нічога не зменшылася. Ну, можа, недзе там і ёсць, але ў маёй сферы ўсё як было, так і засталося. Нічога кепскага не скажу”. 

Але ў мужчыны, які, убачыўшы нас, пачаў усміхацца, іншая думка:

“Добра. Усё добра. Усе з’язджаюць за мяжу. У Польшчу, Германію, Расію. Пасля пандэміі таксама з’едуць. Працы няма”.

Хмарна. Горад пусцее. Каля возера вудзіць рыбу самотны рыбак-хіпі. Гудзе газонакасілка, тут жа на будоўлі гучыць бадзёрая песня пра любоў. У мясцовым піўным бары мужчыны п’юць піва. Пра тое, што ў свеце нешта не так, нагадваюць толькі людзі ў масках. Але калі маскі адменяць — рытм горада застанецца ранейшым — безнадзейна простым. Без сінкоп і пункціраў. 

Будны дзень у Іўі / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

Жыццё вучыць

Над Іўем велічна ўзвышаецца Петрапаўлаўскі касцёл. Яго жалезная брама зачыненая. Пахне сродкамі дэзынфекцыі. Ва ўнутраным двары дзеці фарбуюць паркоўку для ровараў. На дзвярах вісіць цыдулка з інфармацыяй: “Пасля кожнай Святой імшы адбываецца 15-хвілінная санітарная апрацоўка касцёла”. 

Ксёндз Ян Гавецкі кажа, што ў касцёле прынялі ахоўныя меры, як толькі стала вядома пра распаўсюд каранавіруса ў Еўропе. Дый людзей жыццё вучыць — яны сталі больш асцярожныя. Але большасць вернікаў сышла… у інтэрнэт. 

“Як павялічылася колькасць захворванняў, я ўжо спадзяваўся, што будзе нашмат меней людзей у мінулую нядзелю. А аказалася, што было болей, чым у пазамінулую. Хоць і не столькі, колькі было ў часы, калі ўсё было добра. Людзі стараюцца, выконваюць усе прадпісанні. Некаторыя падчас імшы знаходзяцца на вуліцы, там стаяць лаўкі. Але большасць удзельнічае ў набажэнстве дома з дапамогай інтэрнэту і тэлебачання”. 

Жыхаркі Іўя адпачываюць на сонцы / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

Па словах ксяндза Яна, на гэтым тыдні ён служыў на чатырох пахаваннях — усе яны не звязаныя з COVID-19, сваякі мелі магчымасць развітацца з памерлымі без мер засцярогі. Як і паўсюль, у Іўі людзі паміраюць ад інфарктаў, інсультаў, здзяйсняюць самагубствы.

Вось туды і тэлефануйце

“Вы бачылі спасылачку, што гэта цэнтр гігіены і эпідэміялогіі — вось туды і тэлефануйце! — адказвае на просьбу растлумачыць, што змусіла ўвесці ў горадзе масачны рэжым, галоўны доктар іўеўскай бальніцы Іван Глаз. — Рэч у тым, што я вам нічога не раскажу, таму што я да гэтага дачынення не маю. Я лячу людзей, думаю пра іх здароўе, а не адмяняю масачны рэжым. Я магу вам даць нумар галоўнага доктара цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, калі хочаце. А каментары я даваць не буду”.

Галоўная доктарка цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Анастасія Жамойта аспрэчвае інфармацыю газеты “Іўеўскі край”. Маўляў, ніякага абавязковага масачнага рэжыму няма!

“Натуральна, нічога не адбылося. Усё гэта носіць рэкамендацыйны характар. Кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання самі вырашаюць — уводзіць ім такое абмежаванне ці не. Гэта ўсё толькі рэкамендавана. Па ўсю афіцыйную інфармацыю і статыстыку звяртайцеся ў прэс-цэнтр Мінздароўя — там вам усё раскажуць”, — адказвае яна.

Іўеўская ЦРБ / Аляксандр Васюковіч / Еўрарадыё

“Як амерыканцы некалі той СНІД стварылі”

У двары Іўеўскай ЦРБ — некалькі “хуткіх”. Вакол ходзяць медыкі ў ахоўным адзенні. Па тварах відаць, што яны вельмі незадаволеныя з’яўленню камеры. На лаўках пад дрэўцамі сядзяць пацыенты ў масках. Цёпла. Вясна. 

Тут жа на паркоўцы пенсіянер разважае пра рацыю Аляксандра Лукашэнкі наконт “а жраць што мы будзем” і верыць у сусветную змову:

“Ну калі ні пасеяць, ні гэта… Было і ў Маскве. Калі стала болей — пачалі і выходзіць. Ну таму што эканоміка. Ну як? Я не магу сказаць, што абыякавы да каранавіруса. Стараюся рукі мыць, не абдымацца, не цалавацца. Лічу, што калі нехта хворы — то маска патрэбная, а так — пыл збіраецца… Ну вось жыў тут на нейкім хутары дзед. Ніхто да яго не ездзіў, і дзе ён там падчапіў той кароны? Я думаю, што як амерыканцы некалі той СНІД стварылі і закінулі ў Афрыку, так і гэты каранавірус штучна створаны”...

Тут прыходзяць свежыя навіны: у Іўі перадумалі ўводзіць абавязковае нашэнне ахоўных масак у грамадскіх месцах. Пасля прыезду журналістаў (а акрамя нас рэпартажы з горада рабілі TUT.by і “Радыё Свабода”) эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне палепшылася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.