Вы тут

У Іўеўскім раёне ўвялі абавязковае нашэнне ахоўных масак у грамадскіх месцах

Маскі становяцца абавязковымі ў Іўеўскім раёне / З архіву Reuters

У Іўеўскім раёне ўвялі абавязковае нашэнне ахоўных масак у грамадскіх месцах. Кіраўнікам суб'ектаў гаспадарання забараняецца абслугоўваць наведвальнікаў без масак. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце раённай дзяржаўнай газеты "Іўеўскі край". Такое рашэнне раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі тлумачыцца пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне з распаўсюдам каранавіруса. На Іўеўшчыне ўведзена абмежаванне колькасці наведвальнікаў, якія адначасова знаходзяцца ў гандлёвых аб'ектах, аптэках, поштах, банках, аб'ектах грамадскага харчавання.

У раёне зацверджаны план дадатковых мерапрыемстваў "па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюду COVID-19".

Дагэтуль інфармацыі пра пагаршэнне сітуацыі з каранавірусам у Іўеўскім раёне не было. Ён стаў першым у Гродзенскай вобласці, у якім уводзяцца такія абмежавальныя меры.

На 27 траўня ў нашай краіне афіцыйна пацверджана 38 956 выпадкаў COVID-19 (+897 за апошнія суткі). Колькасць новых выпадкаў знізілася ніжэй за 900 упершыню за тры апошнія тыдні. Ужо памерлі 214 чалавек (+6).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.