Акадэмія навук: Негатыўныя стэрэатыпы пра Сталіна яшчэ цалкам не зжытыя
НАН Беларусі выступае за тое, каб на пастаменце каля абеліска на плошчы Перамогі надпіс "Валгаград" замянілі на "Сталінград".
"Выключна негатыўныя стэрэатыпныя ўяўленні пра І.В. Сталіна, створаныя ў масавай свядомасці грамадства ў другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і ў 1990-я гады, яшчэ цалкам не зжытыя". Такая цытата прыводзіцца ў лісце за подпісам намесніка старшыні прэзідыўма НАН Беларусі, доктара медыцынскіх навук Аляксандра Сукалы. Дакумент з'явіўся ў сацсетцы LiveJournal.
Як вынікае з тэксту, гэта адказ на зварот нейкай групы кіраўнікоў грамадскіх абяднанняў і арганізацыяў. "Прыведзеныя ў звароце факты пра вялікі асабісты ўнёсак І.В. Сталіна ў станаўленне і ўмацаванне беларускай савецкай дзяржаўнасці неаспрэчныя і адпавядаюць рэчаіснасці", — гаворыцца ў адказе.
НАН Беларусі падтрымлівае прапанову, каб на пастаменце галерэі гарадоў-герояў каля манумента на плошчы Перамогі надпіс "Валгаград" быў заменены на "Сталінград" — бо гэта, маўляў, "цалкам адпавядае гістарычным фактам".
Наконт устаноўкі бюста Сталіна ў гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна" кіраўнікам арганізацыяў прапануюць звярнуцца непасрэдна ў гэты комплекс.
На вечар 14 лютага немагчыма спраўдзіць, ці сапраўды гэты ліст падпісаў Аляксандр Сукала.
Атрымальнікам звароту пазначаны Васіль Зелікаў — кіраўнік прасталінісцкай арганізацыі "Отечество". У 2014 годзе ён выступаў са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, каб той прызнаў так званую "Данецкую Народную рэспубліку". Штогод 7 лістапада ён прыходзіць да помніка Леніну ў Мінску з партрэтам Сталіна.